У мінулым годзе ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Пераможнік” у разліку на карову атрымалі па 3981 кілаграму малака (+29 кг да ўзроўню 2013-га), дойны статак павялічылі на 18 галоў. Валавы надой склаў 2914 тон (+132 тоны). Нядрэнна пачаўся для працаўнікоў ферм і бягучы год. У студзені адправілі на перапрацоўку 147,8 тоны малака супраць мінулагодніх 120,3 тоны (122%), а надаілі 173 тоны, што складае 117%.
Калі прааналізаваць, як у ААТ “Пераможнік” паступова нарошчвалі вытворчасць малака, ліквідавалі адставанне, прыходзіш да высновы, што нічога звышнатуральнага ў гэтым няма. Прынеслі плён агульныя намаганні калектыву сельгаспрадпрыемства, кіраўніцтва, спецыялістаў раёна. Тут, як і ў іншых гаспадараках, з дапамогай дзяржавы узводзіцца малочнатаварны комплекс на 720 галоў. У першых двух хлявах будзе ўтрымлівацца па 300 дойных кароў, а ў радзільным аддзяленні – 120 галоў. Прадугледжаны памяшканні для маладняку буйной рагатай жывёлы груп дарошчвання, першага і другога перыядаў, якія яшчэ не пабудаваны.
У 2013-м сельгаспрадпрыемства купіла 47 нецеляў у ААТ “Малажынскі” і 70 – у ААТ “Чамярыскі”. Усяго ацялілася за дванаццаць месяцаў 178 галоў, з якіх 61 – свая, вырашчаная ў гаспадарцы, а за два гады – 383 галавы. Пры захаванні тэхналогіі ўтрымання і кармлення ад іх можна атрымліваць вялікае малако, дзеля чаго і ўкараняецца паточна-цэхавая сістэма. Але якімі б ні былі сучаснае абсталяванне і зручныя даільныя залы, для іх абслугоўвання патрэбны ўмелыя рукі і дбайныя гаспадары, аператары машыннага даення з такім пачуццём адказнасці, якое было ўласціва папярэднікам сённяшніх жывёлаводаў. На шчасце, працалюбівыя людзі тут ёсць.
Ларыса Назаранка, пра якую на старонках мясцовага выдання расказвалася шмат, па-ранейшаму лідзіруе, як і яе напарніца Алена Панікэ. Іх рабочае месца – Малейкаўскі комплекс (у гаспадарцы ён значыцца пад нумарам 6). Кожная атрымала летась ад замацаванай групы па 327 тон малака (усяго на комплексе надоена 904 тоны). Дарэчы, 12 сакавіка споўніцца 30 гадоў з таго дня, як Ларыса Іванаўна прыйшла працаваць у “Пераможнік”, з іх 28 аддадзены жывёлагадоўлі. У ліку лепшых аператараў машыннага даення раёна, вобласці яна была ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.
На Зарачанскай малочнатаварнай ферме № 5 найвышэйшы паказчык работы па выніках мінулага года – у Святланы Кічкар. У разліку на карову надаіла па 4356 кілаграмаў малака. Неабходна адзначыць таксама даярак Ганну Ціханчук і Яўгенію Гаўрыленку з гэтага ж вытворчага падраздзялення, якія давялі валавы надой да 482 тон (3708 кілаграмаў ад каровы). Такая колькасць малака – на рахунку кожнай з іх. Ганна Адамаўна мае два дзесяцігоддзі працоўнага стажу на ферме, Яўгенія Яўгенаўна занята тут з 1995-га.
На ферме вёскі Новы Макрэц добрых вынікаў дасягнула Святлана Верамей. Стараннем гэтых і іншых жывёлаводаў множыцца поспех.
На вячэрнім даенні на двух падраздзяленнях мы пабывалі разам з дырэктарам ААТ “Пераможнік” Уладзімірам Прусянком, які ўнікаў у сутнасць усіх працэсаў, даваў указанні. Так атрымалася, што загадчыца МТФ № 5 знаходзіцца зараз на вучобе, а галоўны заатэхнік – у бальніцы. Іх абавязкі кіраўніку сельгаспрадпрыемства давялося ўзяць на сябе, як і вырашаць пытанні, якія нечакана ўзніклі. Пакуль ён з падначаленымі вызваляў карову, што трапіла ў пастку, мы заглянулі ў пакой адпачынку. Тут цёпла, ёсць каляровы тэлевізар, да слова, як і на іншых фермах. Можна адпачыць, папіць чаю.
Цяжка знайсці ў апусцелых вёсках добрых даглядчыкаў. Уладзімір Міхайлавіч звярнуўся да Дзяніса і Івана Зянько, якія жывуць у в. Тэльман і ўгаварыў іх падвозіць і раздаваць кармы. Раніцай братоў дастаўляюць на працу на МТФ № 6, дзе яны працуюць да вечара. Адносінамі да сваіх абавязкаў і работай Дзяніса і Івана кіраўнік задаволены.
Добра, што ў яго ёсць надзейныя памочнікі ў асобе галоўнага ветэрынарнага ўрача Аляксея Карпенкі, аператара малочнай устаноўкі Мікалая Сакуна, іншых спецыялістаў. Вопытны тут заатэхнік. Таццяна Боркіна ўзначальвае галіну не адзін год, аддае рабоце шмат сілы, за ўсё непакоіцца. У раёне яе прызнавалі лепшай па прафесіі, з таго часу і запомніла Таццяну Леанідаўну.
Зімовы дзень заканчваецца хутка, таму мы не паспелі заехаць на ферму № 3, каб паглядзець, якія ўмовы створаны для цялят, сфатаграфаваць іншых даярак і даглядчыкаў, вартых увагі і добрых слоў. Зробім гэта ў наступны раз.
Ёсць і недахопы, адзін з іх – зніжэнне таварнасці малака. Сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы атрымалі летась невысокія, як і рэалізоўвалі жывёлу нізкімі вагавымі кандыцыямі, з-за чаго страцілі 0,8 млрд рублёў. Аб гэтым мы размаўлялі з людзьмі на ферме. Кажуць, самі пра гэта ведаюць і пастараюцца ўхіліць.
Ніна СІНІЛАВА