Мы не можам, на жаль, змяніць жыццё так, каб падрастаючаму пакаленню было заўсёды лёгка і бяспечна, каб на яго шляху не сустракаліся “пасткі”, у якія можна трапіць з-за ўласнай недасведчанасці. Але ў нашых сілах накіраваць дзіця на правільную дарогу, забяспечыць яму надзейны тыл, усяліць упэўненасць, што ў складанай сітуацыі непаўналетні можа разлічваць на падтрымку і дапамогу дарослых.
Каб аб’яднаць намаганні сям’і, школы і ўсіх службаў прафілактыкі ў супрацьстаянні негатыўным з’явам у дзіцячым асяроддзі, ва ўстановах адукацыі Брагіншчыны ў мінулым месяцы прайшлі бацькоўскія сходы з удзелам прадстаўнікоў пракуратуры, суда, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела ўнутраных спраў і камісіі па справах непаўналетніх. Але прысутнічаць на іх у сілу сваёй занятасці ці нейкіх іншых прычын змаглі, безумоўна, не ўсе бацькі. Таму спецыялісты вырашылі пашырыць поле сваёй дзейнасці – пабываць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе працуюць мамы і таты.
У студзені такія візіты былі нанесены ў шэсць працоўных калектываў. Галоўная мэта – не толькі данесці да прысутных сітуацыю з дзіцячай злачыннасцю ў раёне і вобласці, азнаёміць са зменамі ў заканадаўстве, але і нагадаць пра правы і абавязкі дарослых і іх дзяцей, умацаваць духоўна-маральныя асновы сям’і, паўплываць на свядомасць канкрэтнымі жыццёвымі прыкладамі. Да прафілактычнай работы далучаюцца таксама праваслаўныя святары. У бацькоў ёсць магчымасць пагутарыць з тым ці іншым спецыялістам індывідуальна, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні, даведацца, куды яны могуць звярнуцца ў праблемных сітуацыях.
Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгі Ясінскай, такія сустрэчы наладжваюцца ў рамках абласной прафілактычнай акцыі “Крок насустрач”.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА