Сацыяльная дзейнасць – на першым месцы

Грамадства

Soyuz

Раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын” актыўна займаецца сацыяльнай дзейнасцю. Яе чарговы праект, які рэалізуецца дзякуючы падтрымцы пасольства ЗША ў нашай краіне, называецца “Клопат аб тых, хто з намі побач”.

“Наша аб’яднанне заўсёды імкнулася дапамагчы лю-дзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, – расказвае старшыня раённай арганізацыі Любоў КУЗНЯЦОВА. – У рамках жа данага праекта мы асаблівую ўвагу надаём шматдзетным, няпоўным і малазабяспечаным сем’ям. Тых, каму патрэбна наша падтрымка, знаходзім дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з сельскімі Саветамі”.

Гуманітарная дапамога ўжо была аказана 30 сем’ям. “У многіх мы пабывалі не адзін раз, – дадае Любоў Паўлаўна. – І трэба адзначыць, што ёсць тэндэнцыя да паляпшэння сітуацыі. Нягледзячы на адчуванне недахопу фінансавых сродкаў, маці стараюцца і ўтульнасць у доме падтрымліваць, і дзяцей як належыць апрануць”.

Дарэчы, пры падтрымцы пасольства ЗША ў раёне створаны і крызісны пакой, дзе прытулак могуць знайсці жанчыны, якія пацярпені ад дамашняга насілля. Ён размешчаны на базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.