Калі інжынерная служба зацікаўлена ў тым, каб якасна адрамантаваць сельгастэхніку да пачатку веснавой пасяўной кампаніі, то агранамічная – як назапасіць патрэбную колькасць насеннага матэрыялу. Па словах галоўнага агранома Брагінскай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Аляксандра Рудабельца, план засыпкі насення зерневых і зернебабовых складае 2048 тон. Пададзена заяў на праверку (і праверана) 2128 тон (104%). Стандарту Рэспублікі Беларусь адпавядае 2121 тона. Астатнія сем, якія належаць ААТ “Малажынскі”, не прайшлі кантроль па прычыне засмечвання пустазеллем.
На бягучы год сельгаспрадпрыемствам раёна выдзелена 211,2 тоны эліты, каб правялі сортазмену і сортаабнаўленне зерневых і зернебабовых культур. З улікам гэтай колькасці ўсяго назапашана 2,4 тысячы тон насеннага матэрыялу, што не можа не радаваць. Звычайна больш за 1,5 тысячы тон не засыпалі. Да таго ж эліту апошнія гады сталі атрымліваць усе гаспадаркі без выключэння, што ставіць іх у роўныя ўмовы.
Па-ранейшаму вырошчваюць у раёне бульбу, праўда, не ў такіх аб’ёмах, як раней, але ж цалкам ад гэтай культуры не адмовіліся. І сёлета “другі хлеб” зойме 700 гектараў на палях ААТ “Брагінка”, “Імя Жукава” і “Малажынскі”. Насення хапае. “Брагінка”, напрыклад, вырасціла сваё. У 2014-м пасадзіла супер-суперэліту найбольш перспектыўных сартоў “янка” і “акцэнт”, цяпер размнажае яго.
Горш сітуацыя са шматгадовымі травамі. З плана 87,2 тоны засыпана 27,3 (ААТ “Імя Жукава” і “Малажынскі”). Усё насенне адпавядае СТБ. У астатніх гаспадарках яго няма, што выклікае недаўменне. Міністэрства сельскай гаспадаркі даўно звяртае ўвагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на неабходнасць пашырэння плошчаў пад бялковыя травы з мэтай абагачэння рацыёну жывёлы. Кукуруза, вядома, добра, але ж затраты на яе вырошчванне не параўнаць з тымі, якія ідуць на сяўбу і ўборку той жа люцэрны ці канюшыны, цімафееўкі ці купкоўкі зборнай.
У гэтыя дні спецыялісты дзяржаўнай інспекцыі заняты праверкай насеннага матэрыялу, які паступіў да іх. Найбольш клопатаў – у аналітыка 2-й катэгорыі Алены Мулер. Менавіта яна дае заключэнне, ці адпавядае залаты фонд будучага ўраджаю стандарту Рэспублікі Беларусь, ці неабходна даводзіць яго да патрэбных кандыцый. За трынаццаць гадоў работы набыла патрэбныя навыкі і вопыт. І хаця праверка кожнай партыі – справа карпатлівая, беспамылкова вызначае і вільготнасць, і ўсходжасць зярнятак, якія потым стануць буйным коласам.
Ніна СІНІЛАВА