Пагалоўе і вытворчасць прадукцыі ў гаспадарках раёна не зменшылі

Сельская гаспадарка

Жывёлагадоўчая галіна забяспечвае сельгаспрадпрыемствам паступленне грашовых сродкаў круглы год, і вельмі важна, каб вытворчасць малака і мяса павялічвалася, а іх якасць паляпшалася. Наколькі паспяховым быў для працаўнікоў ферм 2014-ты? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Пінчук.

Zootehnik

– Пётр Валер’евіч, Вы самі задаволены вынікамі работы галіны?

– Можна сказаць, што год для жывёлаводаў раёна выдаўся неблагі. Мы не толькі захавалі пагалоўе буйной рагатай жывёлы, але і павялічылі яго. На 1 студзеня 2015 года ў гаспадарках раёна налічвалася 28 557 галоў, што на 600 больш, чым было ў 2014-м. Калі браць у разрэзе гаспадарак, то ў ААТ “Брагінка”, напрыклад, гэты паказчык складае 108%, у ААТ “Імя Жукава” і “Брагінскі” – 105%.

Дойны статак раёна, а гэта 6067 кароў, таксама не зменшылі (102%). Яшчэ лепшыя вынікі ў ААТ “Брагінка”, “Пераможнік”, “Імя Жукава”.

– Калі склалася такая сітуацыя, значыць, і прадукцыя павінна быць?

– За год надаілі 22 900 малака (105,2%), дарэчы, у вобласці гэта – дзявятае месца.

Найвышэйшы рост яго вытворчасці забяспечылі жывёлаводы ААТ “Малажынскі” – 113%, “Брагінка” (111%), “Імя Жукава” (110%) і ААТ “Камарынскі” (107%). Ад кожнай каровы атрымалі ў сярэднім па 3796 кілаграмаў малака (+113 кг да ўзроўню мінулага года). Найвышэйшы надой – у аператараў машыннага даення “Камарынскага” (4688 кілаграмаў), на другім месцы – працаўнікі ферм “Брагінкі”. Тут прадук-тыўнасць кароў склала 4358 кілаграмаў, на трэцім – ААТ “Чамярыскі” (4335 кг).

– Колькі малака рэалізавалі дзяржаве?

– За год прадалі 19 260 тон, што складае 107,3%. Найбольшую колькасць сыравіны (117%) адправілі на перапрацоўку малажынцы. У лідарах таксама аператары машыннага даення “Брагінкі” (116%) і “Імя Жукава” (113%).

Калі ўжо зайшла размова пра рэалізацыю, неабходна адзначыць, што ў 2014-м працаўнікі ферм палепшылі якасныя паказчыкі малака. Трэцяя частка яго пайшла на перапрацоўку гатункам “экстра”, удвая больш паставіла прадукцыі найвышэйшага гатунку “Брагінка” (62,8%), “Імя Жукава” – 44,6%. Вышэйшым гаспадаркі раёна рэалізавалі 49,3% малака, чамярысцы – 73%, малажынцы – 58%.

Таварнасць малака склала 84,3%, што на 1,6 працэнтных пункты больш, чым у 2014-м. У лідарах па-ранейшаму ААТ “Імя Жукава”, дзе таварнасць – 87,2%, у “Камарынскім” – 86,4%, “Брагінцы” – 85,5%.

– Справы з вытворчасцю мяса таксама ішлі нядрэнна?

– Вытворчасць ялавічыны (свіней не вырошчваем) склала 4236 тон. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы атрымалі невысокія – па 642 грамы. Найлепшы паказчык забяспечылі даглядчыкі “Чамярыскага”, у якіх жывёла штосутачны прыбывала ў вазе на 704 грамы.

Падводзячы вынікі года, неабходна спыніцца і на племянной рабоце. У 2014-м атрымалі 7672 галавы прыплоду (+251 да ўзроўню 2013-га). На 100 малочных кароў – 90 цялят (па гэтым паказчыку раздзялілі з Добрушскім раёнам 1-е месца).

– Пётр Валер’евіч, а як пачаўся для жывёлаводаў раёна гэты год?

– Няблага. Летась мы зраблі задзел на будучае, таму і змаглі павялічыць у гэтыя студзеньскія дні вытворчасць малака, яго рэалізацыю (аб гэтым сведчаць аператыўныя даныя). У “Брагінцы” продаж малака – на ўзроўні 125%, “Камарынскім” – 123%, “Пераможніку” – 117%. Хацелася б, каб і фініш быў паспяховым. А гэта ўжо залежыць і ад спецыялістаў зааветслужбы, і ад кожнага працаўніка фермы. Жывёлагадоўчая галіна – складаная. Ад яе паспяховага развіцця залежыць вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі дзяржаве, эканамічная стабільнасць сельгаспрадпрыемстваў. Так што поспехаў усім у 2015-м годзе, каб змаглі парадавацца вынікам плённай дзейнасці і дабрабыту. Яны ўзаемазвязаны паміж сабой.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА