У свеце даследаванняў і адкрыццяў

Грамадства

На мінулым тыдні прайшла раённая канферэнцыя даследчых работ і праектаў, арганізатарам якой з’яўляецца гімназія г.п. Брагіна. Сёлета да ўдзельнікаў далучыліся прадстаўнікі Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў.

Юныя даследчыкі абаранялі праекты па дзвюм напрамкам: гуманітарным і прыродазнаўча-навуковым. Яны не толькі пазнаёмілі членаў журы з асноўнай ідэяй праектаў, мэтамі і задачамі, але і ў форме прэзентацыі прадэманстравалі працэс праведзенай работы.

Dasledchyk-1

Так, аб’ектам даследаванняў вучняў з Малажынскай школы стаў лімон. Аказваецца, гэты цытрусавы плод не толькі карысны для здароўя, але і мае шмат іншых карысных уласцівасцяў. Напрыклад, з яго дапамогай можна і плямы з адзення выводзіць, і весці тайную перапіску. А яшчэ з лімонаў атрымліваюць электрычнасць. Вядома, гэта вельмі слабая крыніца энергіі, але яе можна ўзмацніць, злучыўшы некалькі фруктаў.

Dasledchyk-2

Пытаннем “Навошта мы вырошчваем пакаёвыя расліны?” задаліся чацвёртакласніцы з Брагінскай школы. З дапамогай вопытаў і назіранняў яны даведаліся, што гэтыя зялёныя сябры ачышчаюць паветра памяшкання ад вуглякіслага газу і ўзбагачаюць яго кіслародам. Яны станоўча дзейнічаюць на людзей, што, вядома, адбіваецца на іх настроі і працаздольнасці.

Dasledchyk-4

Вучаніцу з Іялчанскай СШ зацікавіла тапаніміка Беларусі, таму і даследчая работа датычылася геаграфічных назваў населеных пунктаў. Школьніца вельмі падрабязна распавяла аб паходжанні назваў вёсак Новаіёлчанскага сельскага Савета і іх “цёзках” на тэрыторыі нашай краіны.

Dasledchyk-3

Юныя даследчыкі з гімназіі г.п. Брагіна таксама адказна падышлі да конкурсу. Падчас падрыхтоўкі работы аб народнай кухні Брагіншчыны дзеці даведаліся аб стравах, якія часцей за ўсё былі на сталах нашых продкаў, спосабах прыгатавання і традыцыях. Яны высветлілі, што кухня нашага раёна цесна звязана з беларускай нацыянальнай, мае сваю даўнюю гісторыю і славіцца разнастайнасцю. Па некаторых рэцэптах дзеці спрабавалі гатаваць ежу ў печы ў бабулі і дома ў духавой шафе, параўноўвалі смакавыя якасці.

Dasledchyk-5

Удзельнікі канферэнцыі аб-ралі для даследавання таксама шмат іншых цікавых і актуальных тэм. Усяго было падрыхтавана 14 работ, у якіх дзеці прывялі пераканаўчыя факты і паказалі практычную значнасць сваіх праектаў. Вылучыць лепшыя сярод іх журы было даволі цяжка, па некаторых нават не было адзінага меркавання. У выніку вызначылі асаблівую каштоўнасць тых работ, у якіх найбольш адлюстравалася асабістая пазіцыя аўтара. Вось імёны гэтых таленавітых дзяцей.

Гуманітарны напрамак:

І месца – Галіна Гурына з работай “Айконімы – цёзкі Новаіёлчанскага сельскага Савета на карце Беларусі” (Іялчанская СШ);

ІІ месца – Дарына Раманчук і Рэгіна Хісамава з работай “Традыцыі народнай кухні Брагіншчыны” (гімназія г.п. Брагіна);

ІІІ месца – Вікторыя Кушнарова і Таццяна Літвінава з работай “Сем цудаў Хойнікшчыны” (гімназія г. Хойнікі);
ІІІ месца – Марына Туравец з работай “Танцавальныя традыцыі аграгарадка Глінішча” (Глінішчанскі дзіцячы сад – сярэдняя школа імя І.П. Мележа”).

Прыродазнаўча-навуковы напрамак:

І месца – Кацярына Ян-коўская з работай “Сакрэты курынага яйка” (гімназія г.п. Брагіна);

ІІ месца – Дана Брэгід і Марыя Ятчанка з работай “Нашы агульныя сябры – пакаёвыя расліны” (Брагінская СШ);

ІІІ месца – Дзмітрый Солап з работай “Прысутнасць уплыву фізічнага фактару на рост раслін уверх” (Хракавіцкая СШ).

Падчас цырымоніі ўзнагароджвання члены журы адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей, пажадалі ім поспехаў і новых адкрыццяў. Усе прызёры атрымалі дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму Брагінскага райвыканкама, а пераможцы – яшчэ і падарункі ад РК ГА “БРСМ”.

Dasledchyk-6