Сёлета працоўныя калектывы Брагіншчыны папоўнілі 63 маладыя спецыялісты. Сустрэлі іх з цеплынёйі сардэчнасцю.
Моладзь – гэта заўсёды свежы брыз ідэй, задумак і памкненняў, асноўны рухавік прагрэсу. Таму зусім не дзіўна, што кіраўніцтва раёна ўскладвае на ўчарашніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вялікія надзеі. А каб яны замацаваліся на першым працоўным месцы, дзяржава прадугледжвае розныя віды дапамогі: забеспячэнне жыллём, ільготнае крэдытаванне, грашовыя выплаты і г.д. У пачынаючых спецыялістаў узнікае нямала пытанняў, на якія самастойна не заўсёды можна знайсці адказы. Першыя дні на новым месцы, бывае, тояць шмат незразумелага. І якраз больш падрабязна даведацца пра свае правы і абавязкі, атрымаць слушныя парады, карысную інфармацыю, вырашыць тыя ці іншыя праблемы ды і проста бліжэй пазнаёміцца адзін з адным моладзі дапамагаюць традыцыйныя сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай улады, кампетэнтнымі спецыялістамі. Сёлета такое мерапрыемства прайшло 31 кастрычніка ў сценах Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй, і ўся праграма ў гонар новаспечаных кадраў была прасякнута шчырай павагай да іх выбару – кожная прафесія важная і патрэбная. Галоўнае, каб справа была па душы.
Але спачатку – своеасаблівая экскурсія ў мінулае, гісторыка-культурнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё раёна, дзе маладым спецыялістам давядзецца працаваць як мінімум два гады. Здзейсніць яе дапамог дакументальны фільм “Брагіншчына: 25 крокаў да адраджэння”, падрыхтаваны ККУП “Брагінкінавідэасетка”. На пазітыўную хвалю і актыўны ўдзел у дыялогу настроілі прысутных вядучыя Алеся Даўгулявец і Раман Цеслянок.
Сутнасць галоўнага наказу, што прагучаў ад намесніка старшыні райвыканкама Ганны Бабрынёвай: перш чым дасягнуць неймаверных вышынь, патрэбна якасна, шмат і плённа працаваць. Поспех любіць сумленнасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, мэтанакіраванасць і адказнасць. Адпаведна, многае залежыць ад таго, як чалавек ставіцца да рэчаіснасці, адносіцца да сваіх абавязкаў. Над гэтым асабліва павінны задумацца тыя, хто, не прыкладваючы ніякіх намаганняў, разлічвае атрымаць усё і адразу. Кіраўніцтва, хоць і падтрымлівае і словам, і справай маладых людзей з дыпломамі, чакае ад іх адпаведную аддачу.
Як асвоіцца на першым працоўным месцы, зарэкамендаваць сябе з лепшага боку і заваяваць аўтарытэт сярод калег? Карыснымі ў гэтым плане былі парады галоўнага спецыяліста па арганізацыйна-кадравай рабоце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кацярыны Кабылянскай. Яна закранула тэму сацыяльна-прававой абароненасці маладых спецыялістаў і данесла да аўдыторыі інфармацыю аб выплатах, на якія могуць разлічваць учарашнія студэнты сельскагаспадарчых устаноў, накіраваныя на працу ў раён, пацярпелы ад чарнобыльскай катастрофы.
Хочацца ў найкарацейшыя тэрміны ўладкаваць свой побыт: набыць мэблю, пральную машыну, камп’ютар ці іншую маёмасць і тавары першай неабходнасці, ды грошай на ўсё не хапае? Выйсце падказала дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №306 ААТ “ААБ Беларусбанк” Алена Грэсь: для выпускнікоў дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прадугледжаны льготны крэдыт. Яго перавагі, умовы атрымання і вяртання, максімальная сума – усё было растлумачана найлепшым чынам. Алена Пятроўна запрасіла юнакоў і дзяўчат у цэнтр, каб пазнаёміцца з сучаснымі банкаўскімі паслугамі бліжэй, а для лепшага ўспрыняцця інфармацыі прынесла з сабой наглядны матэрыял.
І, напэўна, самае актуальная тэма – жыллёвая палітыка. Глыбей унікнуць у яе сутнасць дапамагло выступленне начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргея Прыходзькі, які пракаментаваў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №563 “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні, што датычаць не толькі правоў маладых спецыялістаў, але і іх абавязкаў: каму ў першую чаргу выдзяляецца камерцыйнае жыллё на перыяд працоўных (службовых) адносін, чым могуць абярнуцца несвоечасовыя разлікі за камунальныя паслугі, як стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і інш.
Прыемна было пачуць і ад саміх галоўных герояў мерапрыемства, што іх у калектывах сустрэлі сардэчна і добразычліва, акружылі ўвагай, да іх праблем прыслухоўваюцца. Станоўчымі ўражаннямі аб сваіх першых працоўных буднях падзяліліся настаўніца Буркоўскай сярэдняй школы Сняжана Здор і ўрач-тэрапеўт Брагінскай ЦРБ Іван Рупічаў.
Былі пытанні, адчувалася даверлівая атмасфера, шчырая зацікаўленасць у тым, на што ў нашым раёне маладыя кадры могуць разлічваць, якія ёсць перспектывы. Значыць, дыялог здзейсніўся.
Зарад пазітыву, радужных эмоцый, добрага настрою падаравалі прысутным сваім песенным выкананнем Вячаслаў Гаршкоў, Ігар Сініла, Святлана Корхава. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі для гасцей цікавую экскурсію.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА