І ўсё мілагучна для слыху майго…

Грамадства

З тэлевіктарыны

“Размаўляем па-беларуску”

вучні Камарынскай сярэдняй школы

вярнуліся пераможцамі

Viktarina

Калі прагучала прапанова прыняць удзел у гэтай праграме, і ў дзяцей, і ў настаўніцы закралася сумненне: ці змогуць яны, выхадцы з глыбінкі, выглядаць дастойна на фоне гарадскіх вучняў? Спаборнічаць на веданне роднай мовы патрэбна было з гімназістамі Гомеля, таму адчувалася нават нейкая разгубленасць. А некаторыя вучні, нават самыя здольныя і эрудзіраваныя, увогуле адразу ж наадрэз адмовіліся. Відаць, стрымлівала боязь паказаць сябе горш за гарадскіх – праграму ўбачаць усе на тэлеканале “Беларусь 3”. Таму Марыя Адамаўна Музыкіна, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры з багатым працоўным стажам, настойваць не стала – пайшла шляхам: у каго ёсць жаданне – паспрабуем!

Так пачалася падрыхтоўка каманды ў складзе адзіна-ццацікласнікаў Тамары Гаў-рыленкі, Дзмітрыя Повада і Аліны Вахіль. З дапамогай настаўніцы вучні старанна паўтаралі, удасканальвалі і адшліфоўвалі свае веды. Стараліся ўзняць камандны дух, падбадзёрваючы адзін аднаго. І ў аўтобус ужо селі, поўныя рашучасці заваяваць перамогу.

Да ведама:

Віктарына “Размаўляем па-беларуску” дае нам магчымасць не толькі часцей чуць родную мову, але і атрымліваць лінгвістычныя веды. Яна складаецца з некалькіх гульнявых эпізодаў: “Перакладаем”, “Тлумачым”, “Ужываем”, “Цытуем” і інш. Удзельнікі – дзве каманды па тры чалавекі – спаборнічаюць у конкурсах на веданне беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, мастацтва. Пры гэтым яны праяўляюць не толькі свае веды, але і вытрымку, хуткую рэакцыю, рашучасць, здольнасць разважаць, дзейнічаць камандай і строіць стратэгіі.

Калі прыехалі на месца – у абласны цэнтр, хваляванне, вядома, узяло верх. Марыя Адамаўна шчыра прызнаецца, што перажывала за сваіх вучняў як на сапраўдным экзамене. Але ўжо на пачатковым этапе заўважыла, як з першымі набранымі баламі і адчувальнай перавагай над сапернікамі ў яе вучняў узрастае і ўпэўненасць у сваіх сілах.

Як і належыць, удзельнікі тэлевіктарыны “Размаўляем па-беларуску” шукалі адказы спачатку на лёгкія, а потым і на больш складаныя пытанні. Патрэбна было перакладаць словы і словазлучэнні, фразеалагізмы, тлумачыць іх сэнс, прыводзіць прыклады ўжывання, працягваць вершаваныя радкі… Але ўсе гэтыя заданні, на погляд настаўніцы Камарынскай школы, не былі непасільныя – яны не выходзілі за межы школьнай праграмы.

Нашы юныя землякі значна апярэдзілі гамяльчан, таму вядучая Алена Трацэнка прапанавала лідарам падараваць сваім сапернікам тры балы. Так было і зроблена. Гульня завяршылася перамогай каманды Камарынскай школы з вынікам: 56 і 43. Прычым тэлестудыю прадстаўнікі Брагіншчыны не пакінулі без сюрпрызу: да капітана каманды Тамары Гаўрыленкі далучыліся яе аднакласнікі Кірыл Каранец і Крысціна Сукач, якія прыемна ўразілі прысутных падрыхтаваным музычным нумарам – ігрой на драўляных лыжках.

Вядучая, кранутая да глыбіні душы і разумовым багажом, і талентам юнакоў і дзяўчат, нават запрасіла іх прыняць удзел у тэлевіктарыне яшчэ раз. Спадзяёмся, што так і будзе. А пакуль як мясцовыя школьнікі, так і іх бацькі, настаўнікі, сябры з нецярплівасцю чакаюць, калі праграма “Размаўляем па-беларуску” з удзелам вучняў Камарынскай СШ выйдзе ў эфір. Гэта адбудзецца ў пачатку снежня.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА