Сапраўдны патрыёт не той, хто ва ўвесь голас заяўляе, як ён любіць Радзіму, а той, хто спрабуе нешта зрабіць, каб захаваць вытокі свайго мінулага для будучых пакаленняў, душой і сэрцам успрымае і разумее родную зямлю, даражыць ёю. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца старшыня Малажынскага сельскага Савета і жыхарка Дубліна Ганна Раманчук, якая і стала ініцыятарам мерапрыемства.
“Да гэтага свята мы ішлі два з паловай гады і нарэшце наша мара здзейснілася, – гаворыць Ганна Пятроўна. – Некаторы час назад кіраўніцтва раёна паставіла перад намі задачу зрабіць вёску прывабнай. Лічу, што мы з ёю справіліся. Сёння ў большасці сваёй наш населены пункт – гэта дагледжаныя дамы і квітнеючыя вуліцы. І хацелася б не толькі захаваць створаную прыгажосць, але і прымножыць яе. Не сумняваюся, што гэта ў нас атрымаецца дзякуючы сумесным намаганням”.
Сярод ганаровых гасцей свята – старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк і намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва, якія павіншавалі дублінцаў з Днём вёскі, пажадалі аптымізму і шчасця, а самаму Дубліну – росквіту на доўгія гады.
Дарэчы, гэты населены пункт мае багатую гісторыю. У пісьмовых крыніцах ён згадваецца з XVI стагоддзя як паселішча, якім валодаў князь Вішнявецкі. Дуб-лін мае і сваю легенду, згодна з якой вёску заснавалі кельты.
Цікавіцца мінулым свайго краю, таго месца, дзе нарадзіўся і вырас, – вельмі карысна і пазнавальна, але ж давайце вернемся ў сучаснасць, да людзей, якія з’яўляюцца захавальнікамі і пра-даўжальнікамі славутых традыцый і звычаяў. А з імі мы пазнаёміліся падчас урачыстай часткі мерапрыемства.
Так, з павагай вядучыя называлі прозвішчы найстарэйшых жыхароў вёскі Фёклы Шацілы і Уладзіміра Кур’яна. Апошняму яшчэ, дарэчы, а таксама Андрэю Мартыненку і Цімафею Нікалаенку былі адрасаваны добрыя і шчырыя словы як вэтэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Сёлета ў вёсцы з’явілася двое маленькіх жыхароў. Гэта Ганна Захожая і Арцём Піляк, якія прымалі віншаванні разам са сваімі бацькамі. Падарункі атрымалі таксама першакласнікі Дзяніс Кур’ян і Анастасія Лутчанка.
З задавальненнем апладыравалі аднавяскоўцы і людзям, якія захавалі каханне, павагу і цеплыню пачуццяў на працягу многіх гадоў і сёлета адзначаюць юбілеі з дня вяселля. Сярод іх – сем’і Веры і Міхаіла Марозаў, Рамуальды і Івана Пішчукоў, Алены і Ігара Гацкаў, Зінаіды і Андрэя Філіпенкаў.
Вядома, што аблічча вёскі ствараюць яе жыхары, і першым чынам тыя, хто шчыруе над добраўпарадкаваннем населенага пункта. Аб іх арганізатары мерапрыемства таксама не забыліся.
Нямала цудоўных слоў было сказана і ў адрас людзей, якія шмат гадоў прапрацавалі на карысць Дубліна ў розных сферах дзейнасці: паштовай сувязі, ахове здароўя, адукацыі і культуры, сельскай гаспадарцы і інш. Не засталіся без увагі і мнагадзетныя сем’і.
Настаўнікі і вучні Малажынскай сярэдняй школы пастараліся зрабіць атмасферу свята цёплай і добразычлівай. Менавіта яны распрацавалі цікавы і насычаны сцэнарый мерапрыемства, спявалі, чыталі вершы. Прысутных парадавалі душэўнымі песнямі таксама вакальная група “Бліскавіца” і народны ансамбль “Камарынская весялуха”.
Дубліну пашанцавала. Тут жывуць людзі, якія сапраўды вельмі любяць сваю вёску, яе мінулае і сучаснасць, спадзяюцца і вераць у яе будучыню. А яшчэ ёсць клапатлівая гаспадыня ў асобе Ганны Раманчук. Менавіта на ёй як на старшыні сельскага Савета ляжыць адна з асноўных задач – зрабіць гэты населены пункт самым казачным і квітнеючым куточкам Брагіншчыны. Так што перспектывы развіцця ў Дубліна шматабяцаючыя.