У сувязі з 25-й гадавінай вываду савецкіх войск з Афганістана ў Беларусі выпушчаны юбілейны медаль. У нашым раёне аднаму з першых ён быў уручаны старшыні Брагінскага райвыканкама Аляксандру Ятчанку. Дарэчы, Аляксандр Пятровіч адзіны ў вобласці кіраўнік раёна, які прымаў удзел у баявых дзеяннях.
Як адзначыў раённы ваенны камісар Сяргей Акулаў, юбілейным медалём будуць узнагароджаны жыхары раёна, якія выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане, трое з іх – пасмяротна.
Нагадаем, афіцыйнае рашэнне аб уводзе савецкіх войскаў у Афганістан і палітбюро ЦК КПСС прыняло ў снежні 1979-га. А годам раней быў падпісаны савецка-афганскі дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве. І менавіта ў адпаведнасці з гэтым дакументам урад Рэспублікі Афганістан звярнуўся да Савецкага Саюза з просьбай аказаць падтрымку афганскай народнай арміі ў барацьбе з бандфарміраваннямі.
Але гэта была не адзіная місія савецкія войск у Афганістане. Нашы салдаты і афіцэры таксама дапамагалі мясцовым жыхарам наладзіць мірнае жыццё, аказвалі матэрыяльную і медыцынскую падтрымку, рамантавалі дарогі, аднаўлялі дзейнасць афганскіх прадпрыемстваў і інш.
У 1986 годзе ў дзяржаве адбыўся чарговы пераварот. А праз два гады ўлады СССР і ЗША дамовіліся аб няўмешванні ў справы Афганістана. Распачаты ў маі 1988-га вывад войскаў завяршыўся 15 лютага 1989-га, калі савецкая армія канчаткова пакінула чужую краіну.
Сёння ў Брагінскім раёне пражывае 29 воінаў-афганцаў. І ўручэнне медалёў “У памяць 25-годдзя заканчэння баявых дзеянняў у Афганістане” – гэта яшчэ адна нагода ў чарговы раз сказаць ім: “Дзякуй за мужнасць і вернасць прысязе”.