Каманда Брагіншчыны «Лясная брыгада» прыняла ўдзел у штогадовым абласным турзлёце для падлеткаў, які праходзіў у канцы ліпеня ў Нараўлянскім раёне.
Як паведаміла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Ясінская, у спаборніцтвах удзель-нічалі 25 каманд, якія прадставілі ўсе раёны вобласці і Гомель. У палатачным лагеры пасяліліся больш за 170 дзяцей, а таксама дарослыя, якія іх суправаджалі.
Па традыцыі турыстычны злёт сабраў самых актыўных, самых спартыўных і самых вясёлых хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім патрэбна было прайсці мноства разнастайных этапаў, якія ўключалі спаборніцтвы па мнагабор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму, паласу перашкод, спартыўныя і творчыя конкурсы.
Тут было ўсё: і радасць перамог, і горыч няўдач. Але галоўнае – дзеці зразумелі, што многае ўмеюць, але ім ёсць да чаго імкнуцца. Школьнікі праявілі волю да перамогі, вытрымку і кемлівасць, навучыліся пераадольваць цяжкасці – усё гэта ў жыцці ім вельмі спатрэбіцца.
На жаль, наша каманда не ўвайшла ў лік прызёраў – заняла залатую сярэдзіну. Улічваючы колькасць удзельнікаў, гэта не так ужо і дрэнна.
Але ж самае галоўнае – прыемныя ўражанні, новыя сябры і мноства пазітыва, што атрымалі ўсе без выключэння.