Першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых хлебаробы ААТ “Пераможнік”

Сельская гаспадарка

Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Анатоля Панчанкі, хлебнае поле камбайны пакінулі яшчэ 31 ліпеня.

Механізатары працавалі зладжана, дэманструючы высокую выпрацоўку і майстэрства. Без вопыту і адданасці справе дасягнуць добрых вынікаў на тэхніцы, якая эксплуатуецца па 5-8 гадоў, наўрад ці ўдалося б. Навейшым лічыцца камбайн Сяргея Сідарка (трэці сезон). Да ўборкі каласавых спачатку прыступілі пяць экіпажаў, але ж адзін, як кажуць спартсмены, сышоў з дыстанцыі. У камбайне выйшаў са строю рухавік, што не перашкодзіла вяскоўцам убраць зерневыя ў спрыяльнае надвор’е.

Peramozhnik
Міхаіл Дарошчанка і Аляксей Кабанчук

Усе ўдзельнікі ўборачнай кампаніі заслугоўваюць таго, каб пра іх сказалі некалькі добрых слоў. Міхаіл Дарошчанка намалаціў (з улікам рапсу) 1071 тону. Гэтае жніво для яго – юбілейнае. Чвэрць веку ўбірае Міхаіл Іванавіч хлеб, і перапынку ў гэтай ганаровай справе не было. За штурвал першага стэпавага карабля СК-5 “Ніва” сеў у 1989-м. Два гады быў памочнікам у вопытнага камбайнера Валянціна Краўчанкі, якога лічыць сваім настаўнікам. Потым быў “Дон-1500”, на якім у якасці малодшага камбайнера адпрацаваў адзін сезон, і з 1993-га – самастойная работа. Цяпер ужо Міхаіл Іванавіч вучыць маладых, сёлета, напрыклад, дапамагаў яму і набіраўся вопыту Аляксей Кабанчук, выпускнік Хойніцкага вучылішча. Праходзіў у гаспадарцы практыку і застаўся тут.

Калі браць па колькасці намалачонага зерня, то найвышэйшая выпрацоўка будзе ў Сяргея Сідарка і Аляксандра Бухаўца (920 тон). Сяргея Рыгоравіча ў механічнай майстэрні мы не засталі, камбайн ён змяніў на трактар і поўным ходам вядзе падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых. Настройвалі дыскатар перад выездам у поле і іншыя механізатары. Для экіпажаў у складзе Уладзіміра Карпенкі і Сяргея Катлярэнкі, Мікалая Дарошчанкі і Аляксея Круса жніво-2014 – пройдзены этап. За тыдзень, што мінуў пасля дажынак, яны цалкам пераключыліся на ўраджай-2015.

Peramozhnik-2
Сяргей Катлярэнка і Уладзімір Карпенка

Асаблівай загартоўкі ў гэтым сельгаспрадпрыемстве вадзіцелі. Міхаіла Іотчанку шанавалі ў адзін дзень з першымі “тысячнікамі” Брагіншчыны Мікалаем і Сцяпанам Дзегцярэнкамі, уручалі ім падарункі, граматы, пісьмы з падзякай. Дарэчы, такога гонару Міхаіл Міхайлавіч удастойваецца кожнае жніво.

Peramozhnik-3
Аляксей Крус і Мікалай Дарошчанка

Свой уклад у агульную справу ўнёс ветэран працы Васіль Карась. Ён назваў дакладную дату, калі сеў за баранку аўтамашыны: 28 мая 1969-га. Было яму на той момант 18 гадоў. Адметна тое, што Васіль Васільевіч падрыхтаваў старэнькі ГАЗ-53Б да адказнай кампаніі, што называецца, без адрыву ад вытворчасці. Днём працаваў, а пасля рабочай змены круціў гайкі. Аўтамашына вытрымала нагрузку, не падвяла гаспадара. Па просьбе дырэктара гаспадаркі Уладзіміра Прусянка ён застаецца ў калектыве пасля выхаду на пенсію не адзін год.

Peramozhnik-4
Васіль Карась

Удзячна дырэкцыя за сумленную працу і Міхаілу Шаўчэнку, які быў задзейнічаны на адвозцы зерня. Сустрэцца з ім 6 жніўня не атрымалася, спадзяёмся, у наступны раз нашы сцежкі не размінуцца. Міхаіл Іванавіч варты таго, каб пра яго расказалі на старонках газеты.

Цяпер неабходна падрыхтаваць плошчу і пасеяць азімыя ў аптымальныя тэрміны. Яны ўрадзілі нядрэнна, у той час як яравыя надзеі хлебаробаў не апраўдалі.

Найбольш парадавала азімая пшаніца, на асобных участках дала па 60 цнт з гектара. Пра тое, што менавіта гэтая культура сёлета шчодра адплаціла вяскоўцам за клопаты, і не толькі ў “Пераможніку”, я пачула ў ААТ “Брагінскі”. Анатоль Панчанка растлумачыў, што нічога дзіўнага тут няма. І яны, і іх суседзі адвялі пад азімую пшаніцу лепшыя землі, унеслі мінеральныя ўгнаенні, выканалі іншыя агратэхнічныя прыёмы. Да ўсяго і надвор’е паспрыяла. А ў цэлым ураджайнасць зерневых і зернебабовых склала ў ААТ “Пераможнік” 26,1 цнт з гектара. Гэта больш, чым летась, але ж менш, чым у іншых сельгаспрадпрыемствах нашага раёна, не гаворачы ўжо пра вобласць і рэспубліку. Працаваць ёсць над чым, а галоўнае – каму. З такімі механізатарамі і вадзіцелямі, як у “Пераможніку”, можна дасягнуць большага.

Ніна СІНІЛАВА