Пра тое, што ў “Чамярыскім” у апошнія гады атрымліваюць найбольшыя валавыя зборы кукурузы не зерне, ведаюць і ў раёне, і ў вобласці. Прычым не толькі вырошчваюць, але і выгадна рэалізуюць. Менавіта ў гэтае сельгаспрадпрыемства мы накіраваліся, каб паглядзець, як ідзе работа, як клапоцяцца пра будучы ўраджай. І хаця была папярэдняя дамоўленасць аб сустрэчы з галоўным аграномам Пятром Малочкам, удзяліць нават некалькі хвілін нам ён не змог. З раніцы было шмат клопатаў, якія без яго, тэхнолага палёў, наўрад ці вырашыліся б. Затое пашанцавала ў тым плане, што ўдалося прасачыць увесь працэс “праходжання” насення ад склада да поля. Калі б не аграном-аграхімік Васіль Залужны, мы б так і не даведаліся пра пасяўныя адзінкі, перспектыўныя сарты, якія вырошчваюцца толькі на зерне, фірму-пастаўшчыка. Васіль Аляксандравіч таксама быў вельмі заняты, і каб не перашкаджаць яму, размову вялі ўрыўкамі.
Якраз з Мінскай вобласці прыйшла машына з насеннем кукурузы чатырох сартоў, яго неабходна было выгрузіць у склад, не пераблытаўшы адзін з другім. Аграном, як той рэгуліроўшчык, паказваў, куды пакласці мяшкі. Летась, прызнаўся, тут ляжала да 18 сартоў! Дзе з іх які, ведаў толькі ён. З фірмай “Белрасаграсэрвіс”, што ў Уздзенскім раёне ў в. Азёры, супрацоўнічаюць пяты год. Насенне завозяць французскай селекцыі, аб гэтым гаворыць іх назва: “бюрм”, “скафор” і інш. Яно намнога даражэйшае, але ж дае па 150 цнт зерня з гектара. Сёлета на гэтыя мэты будуць вырошчваць тысячу гектараў. На зялёную масу – 1290 гектараў, ды і сарты пойдуць таннейшыя.
Пра цуда-сеялку, якую дырэкцыя ААТ “Чамярыскі” купіла два гады таму, пісалі нават у галоўнай газеце аграрыяў – “Беларускай ніве”. І гэта не дзіўна. Адзіны экзэмпляр у рэспубліцы, які выклікаў цікавасць і нават пачуццё зайздрасці ў многіх, каштаваў вялікіх грошай, затое ў рабоце быў незаменны. Зроблена сеялка пад заказ у Германіі, адтуль прыязджалі наладчыкі, рэгулявалі яе, кансультавалі лепшага механізатара гаспадаркі Рыгора Сніцарэнку. Рыгор Фёдаравіч можа гадзінамі гаварыць пра разумную машыну, у кабіне якой устаноўлены камп’ютар. Ён рэгулюе якасць і дакладнасць закладкі кукурузы. За змену вопытны трактарыст засявае да 150 гектараў, прычым разам з насеннем уносяцца мінеральныя ўгнаенні. За адзін праход пакідае пасля сябе 24 рады. Сеялку можна з поспехам прымяняць не толькі на кукурузных палях, але і на сланечнікавых, бураковых.
Рыхтуюць плошчу пад кукурузу два механізатары, працуюць на поўную сілу, і ўсё роўна, па словах Рыгора Фёдаравіча, не спраўляюцца. Яму даводзіцца часам прастойваць, а то і накіроўвацца ў суседнія гаспадаркі. Напрыклад, у “Малажынскім” ён засеяў за дзень 150 гектараў каралевы палёў. Са сваёй сеялкай пабываў на выставе сельскагаспадарчай тэхнікі ў Мінску, дзе яна выклікала непадробны інтарэс. Тэлефануюць з перадавых сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі, напрошваюцца паглядзець, як працуе, раяцца, ці варта набываць.
На кукурузных плантацыях Рыгор Сніцарэнка не адзін, а разам з Уладзімірам Петачэнкам, які загружае насенне. Настрой у хлебаробаў добры. Гэтаму спрыяе цёплае надвор’е, дакладная работа тэхнікі, якую, вядома ж, падрыхтавалі да выхаду ў поле. Ёсць зацікаўленасць у выніках сваёй працы, не пакідае і надзея, што сёлетні год будзе такі ж ураджайны для каралевы палёў, як і мінулы. Ва ўсякім разе, для гэтага робіцца зараз усё.
Ніна СІНІЛАВА