Свята адзначаецца роўна за 9 месяцаў перад Ражаством Хрыстовым.
Пасланы ад Бога ў горад Назарэт Архангел Гаўрыiл з’явiўся ў дом Марыi i звярнуўся да Яе са словамi: “Радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою! Благаславёная Ты сярод жанчын”. Ад гэтых слоў Марыя засаромелася i падумала: ”Што ж гэта за вiтанне?” Ангел жа казаў далей: “Не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога. I вось… народзiш Сына, i назавеш Яго iмем Iiсус. Ён будзе вялікі, i Сынам Усявышняга будзе названы… і Царству Яго не будзе канца”.
Марыя ў здзіўленнi запыталася ў Ангела: “Як будзе гэта, калi Я мужа не знаю?” Гаўрыiл жа адказаў Ёй: “Дух Святы найдзе на Цябе i сiла Усявышняга ахiне Цябе, таму i Святое, што народзіцца, Сынам Божым будзе названа. Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй… бо не застаецца бяссільным у Бога нiводнае слова”. Тады Марыя з пакораю сказала: “Я раба Гасподня. Няхай будзе Мне па слову Твайму”. I Архангел Гаўрыiл адышоў ад Яе.
Згодна з народнымi павер’ямi, у гэты дзень нават “i птушка гнязда не ўе”, шануючы вялiкае свята.