Упэўнена крочыць па беларускай зямлі вясна, і ўжо праз лічаныя месяцы мы будзем сустракаць 70-годдзе з дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для кожнага з нас гэта – памятная дата. А для тых, хто, рызыкуючы жыццём, адстойваў свабоду і незалежнасць роднага краю, – асабліва хвалюючая падзея, перамешаная з радасцю ад перамогі над ворагам і горыччу ад страт, пакут, няздзейсненых мараў. Таму падтрымка ветэранаў у юбілейны год павінна быць яшчэ больш адчувальнай.
– Усе катэгорыі самых заслужаных людзей атрымаюць сёлета грашовыя выплаты згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №54 “Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі”, – падкрэсліла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла КУЛАБУХАВА.
Так, інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах, будзе аказана матэрыяльная дапамога ў памеры 8 млн рублёў. На Брагіншчыне зараз пражывае 24 прадстаўнікі данай катэгорыі.
Узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, асобы, якія працавалі на аб’ектах у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, а таксама іншыя катэгорыі грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў Вялікай Айчыннай, атрымаюць па 3,5 млн рублёў. Гэта і члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у час баявых дзеянняў у гады Вялікай Айчыннай вайны, і інваліды з дзяцінства, чые раненні, кантузіі ці калецтва звязаны з ваеннымі дзеяннямі ў тыя гады або з іх наступствамі, і былыя вязні, якія атрымліваюць на гэтай падставе надбаўку да пенсіі.
Па папярэдніх даных, усяго ў нашым раёне матэрыяльную дапамогу ў сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў атрымае каля ста чалавек. Выдаваць яе плануюць з 1 чэрвеня па 1 ліпеня ў тым парадку, у якім выплачваецца пенсія.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА
ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ: Кому положена помощь к 70-летию освобождения Беларуси?