Па дарозе ў сельгаспрадпрыемства галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Кірчук акцэнтаваў нашу ўвагу на стане пасеваў азімых культур. Звяртаючыся да маладога агранома Юліі Жынко, з задавальненнем адзначыў: “Паглядзіце, Юлія Валер’еўна, які цудоўны рапс, перазімаваў добра”. Для нядаўняй выпускніцы сельгасакадэміі гэтая пасяўная – асаблівая.
У статусе галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юлія Жынко адказвае за ход палявых работ у гаспадарках нашага раёна. І хаця сама водзіць машыну, часцей за ўсё выязджае туды, дзе кіпіць работа, разам са старшым калегам. Той добра ведае раён, людзей, можа беспамылкова заехаць у самыя аддаленыя мясціны, дзе рыхтуюць глебу, сеюць яравыя, падкормліваюць азімыя. За лясамі і хмызнякамі магутную тэхніку, якая ўладарыць на палетках, адразу і не ўбачыш.
У “Брагінскі” кожны з іх накіроўваўся па сваіх справах, і мы з фотакарэспандэнтам Вольгай Паляшчук не прамінулі магчымасці пабываць там, дзе людзі на пэўны час забываюць пра адпачынак і выхадныя, каб пасеяць раннія яравыя да 1 красавіка. Не ўпусціць лепшыя агратэхнічныя тэрміны – так гавораць звычайна спецыялісты, і механізатары гэта разумеюць. Без гучных слоў і мітусні, прывычна выконваюць работу. Ёсць нормы выпрацоўкі, яны даводзяцца эканамічнай службай кожны год, прадугледжаны прэміі, даплаты, але справа не ў іх. Надвор’е стаіць спрыяльнае, незвычайна цёплае для гэтай пары, зямля перасыхае, таму неабходна хутчэй загарнуць насенне ў глебу. Так спрадвечна было ў хлебаробаў. Аляксандр Пятровіч і старэйшыя механізатары ўзгадалі той час, калі нашы продкі дружна выходзілі ў поле з сявенькай і жменяй раскідвалі зярняты. Сёння няма ўжо такой колькасці мужчын у апусцелых вёсках. Энерганасычаныя трактары з дапамогай людзей і ўзаруць, і пасеюць.
Шкада, што вопытных трак-тарыстаў малавата, таму на дапамогу ў такі гарачы час прыходзяць пенсіянеры. Іван Шубянок і восенню, і зараз падвозіць насенне. Ён родам з выселенай вёскі Залессе, пасля аварыі на ЧАЭС працаваў у “Брагінскім”, у 2010-м пайшоў на заслужаны адпачынак. Па просьбе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства садзіцца за руль “Беларуса”, каб унесці свой уклад у агульны каравай.
Аляксандр Заранік засявае ў дзень па 35-40 гектараў ранніх яравых, у асноўным нагрузка зараз кладзецца на яго тэхніку. Трактар нямецкай вытворчасці часова выйшаў са строю. На дыскаванні глебы заняты бацька і сын Дзегцярэнкі. Аляксандр Фёдаравіч эксплуатуе трактар у счэпе з дыскатарам БДН-3. Можна без перабольшвання сказаць, што гэта – адны з лепшых працаўнікоў “Брагінскага”. Работа вялася і на іншых участках, спраў хапае ўсім. Падсілкаваць азімыя – задача найважнейшая. Аб гэтым мы даведаліся ад Юліі Жынко, і справа ўся ў тым, што за КАСамі неабходна ехаць у Рэчыцу.
Па словах маладога спе-цыяліста, пасяўная праходзіць сёлета ў сельгаспрадпрыемст-вах арганізавана. ААТ “Брагінка”, напрыклад, завяршае сяўбу ранніх яравых. Пад іх у раёне адвядуць 11 296 гектараў. Пасля дэталёвага абмеркавання плана і абароны паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага раз-віцця на абласным узроўні сышліся на тым, што плошчу пад кукурузу на зерне неабходна павялічаць да 5600 га, зернебабовыя размясціць на 296 га, проса – на 320. Вялікую ўвагу ўдзялілі насенню: набываюць эліту, робяць усё, каб атрымаць добры ўраджай і выйсці на тыя рубяжы, якія ўжо былі ўзяты брагінскімі хлебаробамі і прадэманстраваны на рэспубліканскім узроўні ў папярэднія гады. Пажадаем жа ім удачы.
Ніна СІНІЛАВА