У мінулую суботу на базе Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі прайшлі раённыя спаборніцтвы сярод будучых абаронцаў Айчыны, прымеркаваныя да Дня Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Школьнікі, якія праз год-два будуць накіраваны на службу ў армію, спаборнічалі ў падцягванні на гімнастычнай перакладзіне і бегу на 3000 метраў. Як адзначыў дырэктар ФСЦДіМ Мікалай Шубянок, фізічная падрыхтоўка для юнакоў з’яўляецца падмуркам таго, што ў будучым яны стануць мужнымі і моцнымі абаронцамі Айчыны, таму менавіта сёння ім патрэбна надаваць спорту як мага больш увагі.
Так, штодзённыя сістэматычныя трэніроўкі прынеслі заслужаную перамогу камандзе Іялчанскай школы. Другое месца занялі спартсмены з Чамярыс, трэцяе – з Малеек.
У асабістым заліку лідары выз-началіся ў дзвюх узроставых катэгорыях. Сярод юнакоў старэйшай групы (1996-1997 г.н.) абсалютным пераможцам зімовага мнагабор’я «Абаронца Айчыны» быў прызнаны вучань Чамярыскага дзіцячага сада–сярэдняй школы Віталь Марозаў (49 ачкоў). «Срэбным» прызёрам стаў Станіслаў Музычэнка з Іялчанскай школы (46 ачкоў), «бронзавым» – Дзяніс Сніцарэнка з Чамярыскай (37 ачкоў).
У катэгорыі дапрызыўной моладзі (1998-1999 г.н.) перамогу святкаваў Максім Кардаш з Іялчанскай СШ (53 ачкі). На другім месцы апынуўся таксама вучань гэтай школы Аляксандр Ярошка (46 ачкоў), на трэцім – Іван Галка з Хракавіцкай СШ (41 ачко).
Прычым Віталь Марозаў і Іван Галка сталі лепшымі ў бегу, а Максім Кардаш і Станіслаў Музычэнка – у падцягванні.
Арганізатары спаборніцтваў – раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму, а таксама РК ГА «БРСМ» і райваенкамат – заахвоцілі пераможцаў і прызёраў дыпломамі і падарункамі.