23 лютага — Дзень Узброеных Cіл Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Служба ва Узброеных Сілах – ганаровы абавязак грамадзяніна нашай краіны. І яна патрабуе ад маладых людзей не толькі моцнага здароўя і добрай фізічнай падрыхтоўкі, але і пэўных маральных якасцяў. 1,5 года ў арміі – тэрмін невялікі, аднак менавіта яны змяняюць жыццё юнакоў, фарміруюць іх светапогляд і ўстойлівы, мужны характар.

Armiya-1
Ілля Чуйка

Тэрмін службы нашага зямляка Іллі Чуйкі падыходзіць да завяршэння. Як паведаміла маці юнака, дарэчы, супрацоўніца ваенкамата, у армію Ілля пайшоў з вялікім жаданнем, упэўнены ў тым, што сапраўдны мужчына павінен прайсці гэтую школу жыцця.

З таго моманту, як юнак прыняў ваенную прысягу, даўшы клятву служыць Радзіме дастойна, ён паспяхова авалодаў воінскай спецыяльнасцю радыётэлеграфіста і працягвае ўдасканальваць сваё майстэрства, паказвае добрыя вынікі ў баявой падрыхтоўцы. А праходзіць службу Ілля ў 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай Венскай чырванасцяжнай брыгадзе. Ён – воін сіл спецыяльных аперацый (былыя паветрана-дэсантныя войскі). Па словах юнака, служыцца тут і складана, і цікава адначасова. Дарэчы, ён ужо здзейсніў некалькі прыжкоў з парашутам, таму сёння па праве можа лічыць сябе сапраўдным дэсантнікам. Ну, як жа не ганарыцца такім сынам?

Да дэмабілізацыі Іллі застаецца каля трох месяцаў. Пажадаем жа яму паспяховага заканчэння службы і хуткага вяртання дамоў.

– Нашы землякі сёння служаць у розных ваенных часцях краіны, паказваючы для іншых прыклад мужнасці і стойкасці, – распавядае ваенны камісар Брагінскага райваенкамата Сяргей АКУЛАЎ. – Сярод іх – Сяргей Любенка, Раман Галезнік і многія іншыя. Ураджэнцы Брагіншчыны з’яўляюцца і курсантамі Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама ваенных факультэтаў ВНУ. У мінулым годзе, напрыклад, у акадэмію паступілі Вадзім Лапацін і Дзмітрый Шубянок. Прычым усе вышэйназваныя адносяцца да тых маладых людзей, якія, без сумнення, падтрымліваюць лепшыя традыцыі салдат і афіцэраў старэйшых пакаленняў. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны вішную ўсіх са святам. 23 лютага – гэта дзень сапраўдных мужчын. Тых, хто некалі прайшоў вайну, і тых, хто стаіць на варце Радзімы сёння. Тых, хто адслужыў у арміі, і тых, хто толькі рыхтуецца да яе. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сілы волі і радасных, сонечных дзён!