Ужо чацвёрты год запар вучні нашай школы з задавальненнем удзельнічаюць у тэатралізаваным прадстаўленні, прысвечаным Калядам – аднаму з найбольш цікавых, загадкавых і містычных славянскіх святаў, якое з нецярплівасцю чакаюць і дарослыя, і дзеці. Арганізаваў гэтае мерапрыемства творчы і ініцыятыўны, зацікаўлены ў адраджэнні народных традыцый педагог Дзмітрый Паўлавіч Брэгід.
Сваё падарожжа самадзейныя артысты пачалі са сцен роднай школы, дзе іх сустракаў увесь калектыў: вучні, настаўнікі, тэхработнікі.
Песнямі і вершамі дзеці павіншавалі аднавяскоўцаў, завітаўшы ва ўсе мясцовыя арганізацыі: дзіцячы садок, магазін, адміністрацыйны будынак ААТ “Малажынскі”, ФАП. Парадавалі сваім прадс-таўленнем вучняў і настаўнікаў ДУА “Чамярыскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”, а таксама працаўнікоў ААТ “Чамярыскі”.
Го-го, каза, го-го, шэрая,
Дзе ты, хадзіла,
дзе ты блудзіла?
Такімі словамі звярталіся калядоўшчыкі да Казы, у ролі якой выступіла вучаніца 9 класа Таццяна Палявая. Была тут і вясёлая Цыганка (Марыя Чарнянок), якая ўмела варажыла маладым дзяўчатам, і калматы Мядзведзь (Вольга Рудабелец), і цікавыя бабуля з дзядулем (Андрэй Янчанка і Дзяніс Касуха), і прыгожыя, галасістыя Каляда са Шчодрай (Святлана Харко і Юлія Касуха). Усюды калядоўшчыкаў віталі гучным смехам і апладысментамі, адорвалі гасцінцамі.
Выхаванцам дзіцячага садка, напрыклад, вельмі спадабаліся Каза з доўгім хвастом, якая нечакана павалілася ім пад ногі, і вялізны Мядзведзь, які смешна паказваў, як ён харчаваўся зімой і як бабы мясілі цеста. А калі заспявалі Каляда са Шчодрай, усе дзеці разам з імі кінуліся ў скокі.
Па-зімоваму святочна, з захаваннем абраднасці і народных традыцый прайшлі Каляды ў нашай вёсцы. Многа радасці, станоўчых эмоцый яны прынеслі ўсім: як удзельнікам, так і гледачам прадстаўлення.
Няхай жа пажаданні ка-лядоўшчыкаў, адрасаваныя сябрам, знаёмым, усім добрым людзям, абавязкова збудуцца!
Вольга ХАРКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце