Удзельнікі вакальнай жаночай групы “Бліскавіца” хваляваліся ў той дзень асабліва. Іх майстэрства прыехала ацаніць кампетэнтная камісія з Гомеля. Ад яе ацэнкі залежала, атрымае любімы брагінчанамі калектыў званне народнага ці не. У зале сабраліся прыхільнікі яго таленту, а такіх аказалася нямала.
І вось на сцэне з’яўляюцца Маіна Мацюшэнка, Наталля Нікіценка, Ала Злыдзенка, Любоў Дубатдзел, Ірына Гаршкова, Любоў Грыб, Святлана Корхава. Загучалі сольныя і групавыя песні. Вядучая – метадыст раённага Дома культуры Любоў Дубатдзел падабрала да кожнай вершавыя радкі, якія папярэднічалі музычнаму твору, раскрывалі яго змест і дапаўнялі.
“Бліскавіца” была створана пры Брагінскім аўтаклубе (загадчыца – Ала Злыдзенка), мастацкі кіраўнік – Іван Корхаў. Журы асобна выдзеліла народную песню “Гарэла сосна, палала”, пры выкананні якой Іван Іванавіч саліраваў.
Сваімі спевамі парадавалі гледачоў Святлана Корхава, Ірына Гаршкова, Любоў Дубатдзел, Наталля Нікіценка. Кожная старалася стварыць вобраз, пачуццямі, голасам перадаць настрой мелодыі. Ці ўдалося гэта ім, меркаваць членам камісіі, а вось прысутныя ў зале раённага Дома культуры былі вельмі задаволены.
Строгі экзамен трымаў тады і яшчэ адзін калектыў – “Галасы дубровы”. Прыемна бачыць на сцэне адразу такую колькасць прывабных мужчын у строгіх чорных касцюмах, да ўсяго спяваюць яны цудоўна. У складзе групы – Барыс Мардвінаў, Ігар Сініла, Раман Цеслянок, Іван Корхаў, Аляксандр Курдзюкоў, Вячаслаў Гаршкоў, Сяргей Даўгулявец, Уладзіслаў Дзёкін. У іх выкананні гучалі папулярныя песні, якія палюбіліся брагінчанам. Апладысментамі сустракалі салістаў Рамана Цеслянка, Сяргея Даўгуляўца, Ігара Сінілу, Вячаслава Гаршкова. Па першых акордах гледачы ўжо ведалі, якая мелодыя будзе гучаць. Любяць на Брагіншчыне “Галасы дубровы” і ганарацца, што менавіта ў нас ёсць такі таленавіты калектыў. Кожны ўдзельнік валодае добрымі галасавымі дадзенымі.
Ліна Пятніцкая доўгі час узначальвала аддзел культуры райвыканкама. У час канцэрта сядзела ў зале побач з членамі камісіі, ведае іх уражанне ад пачутага, таму з задавальненнем паведаміла нам, што “Галасы дубровы” атрымаюць званне народнага калектыву без сумнення. Праслухоўванне прайшло паспяхова, засталося дачакацца афіцыйнага пацвярджэння. На афармленне адпаведных дакументаў патрэбны час.
Неабходна назваць імя і прозвішча яшчэ аднаго чалавека, які мае да гэтага дачыненне: Сяргей Краўчанка. Дырэктар Брагінскага раённага Дома культуры ў свой час прыклаў нямала намаганняў, каб званне народнага калектыву атрымала эстрадныя студыя “Музычны лабірынт”, а цяпер вось – “Галасы дубровы” і “Бліскавіца”. Пажадаем жа ўсім удачы.
Ніна СІНІЛАВА