АПК: будучыя рэкорды закладваюцца сёння

Сельская гаспадарка

У якім стане выйдзе на палі тэхніка, залежыць ад усіх: слесара, інжынернай службы, кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Яны самі зацікаўлены ў тым, каб да пачатку вясны на лінейцы гатоўнасці стаялі сельгасмашыны, прычапны інвентар. Дарэчы, так і было летась. Як ідзе рамонт сёлета, нас увёў у курс спраў галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Кірчук.

Па-першае, тэхніку своечасова паставілі на захоўванне згодна з ДАСТам 7751-2009 (калі строга прытрымлівацца тэхнічных тэрмінаў); па-другое, для работы ў майстэрнях стварылі нармальныя ўмовы; па-трэцяе, ужо прыступілі да рамонту прычапнога інвентару і трактароў; па-чацвёртае, у раёне ёсць вопытныя галоўныя інжынеры, якія здольны вырышаць пастаўленыя перад службай задачы, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

Уладзімір Свірыдзенка
Уладзімір Свірыдзенка

Аляксандр Пятровіч падрабязна спыніўся на кожным з гэтых пунктаў. У ААТ “Брагінка”, “Камарынскі” культыватары АКШ-7,2 даводзяць да ладу ў сваіх майстэрнях, як і агрэгат дыскавы ўнівесальны ў КСУП “Брагінскі”. “Цігер-6” замежнай вытворчасці, прызначаны для апрацоўкі глебы, “падлечваюць” у ААТ “Чамярыскі”. Малажынцы рамантуюць сельгасмашыну для ўнясення мінеральных угнаенняў РУ-700.

У ААТ “Брагінаграсэрвіс” рыхтуюцца зернеўборачныя камбайны КЗС-10 і трактар МТЗ-3022 з “Брагінкі”. Неабходныя запчасткі аграрыі пакуль набываюць у “Гомельаблаграсэрвісе”.

Уладзімір Свірыдзенка (КСУП “Брагінскі”) прызнаны сёлета лепшым сярод галоўных інжынераў раёна. Нямалая яго заслуга і ў тым, што гэтае сельгаспрадпрыемства выйшла ў 2009-м годзе пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы для работы ў зімовых умовах па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ. У мінулым годзе лепшым інжынерам у раёне стаў Аляксандр Шапецька з ААТ “Камарынскі”. Іх калегу Валянціна Андрэенку (ААТ “Чамярыскі”) двойчы шанавалі на рэспубліканскіх “Дажынках”.

Ніна СІНІЛАВА