Здаць карову можна ў ААТ «Чамярыскі»?

Сельская гаспадарка

korova

Сяброўка з вялікім жалем расказвала пра тое, што сястра, якая жыве ў Лоеўскім раёне, вымушана была прадаць цяля вагой да 100 кг (цялушку) індывідуальным прадпрымальнікам. У мясцовую гаспадарку не прынялі, а заезджыя прадпрымальныя людзі, як кажуць, ухапілі дзвюмя рукамі. Таму і не дзіўна, што многія ўладальнікі кароў з суседніх раёнаў здаюць маладняк у сельгаспрадпрыемствы нашага раёна. ААТ “Чамярыскі” дзякуючы гэтаму паспяхова выканаў план закупу маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва. Умовы тут прымальныя. Маладняк вагой да 100 кг прымалі па цэнах, якія вышэй чым закупачныя (19 тысяч 900 рублёў за кілаграм). Акрамя ўсяго, выдавалі па 100 кілаграмаў зерня бясплатна.

Выручыла дырэкцыя і пенсіянераў, якія па стане здароўя не могуць трымаць кароў на падворку, прыняла іх карміцелек у гаспадарку, каб потым адправіць на мясакамбінат. Адных – пасля ацёлу, другіх – пасля адкорму. Кошт адной галавы дбайнаму гаспадару, які рыхтаваў жывёліну да здачы і не шкадаваў ёй мукі, сена, абышоўся ў дзевяць млн рублёў.

Ніна СІНІЛАВА