У раённым Доме культуры адбыліся ўрачыстыя провады юнакоў ва Узброеныя Сілы

Грамадства

Armiya-3

Хто з хлопчыкаў у дзяцінстве не жадаў навучыцца трапна страляць з аўтамата, кіраваць сапраўдным танкам ці ў дасканаласці авалодаць прыёмамі рукапашнага бою? Напэўна, гэтага хацелі многія, і зусім хутка магчымасць ажыццявіць свае мары з’явіцца ў 24 жыхароў нашага раёна. Менавіта для іх, будучых салдат, і было арганізавана святочнае мерапрыемства ў РДК.

Ад імя кіраўніцтва раёна пажаданні адрасавала юнакам намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Ганна Бабрынёва, якая адзначыла, што Узброеныя Сілы з’яўляюцца ўвасабленнем магутнасці дзяржавы, і яны патрэбны любой краіне, каб захаваць недатыкальнасць межаў і забяспячыць суверэнітэт. Прычым армія не толькі выхоўвае гатоўнасць да абароны Радзімы, але і дапамагае набыць шмат карысных навыкаў, якія могуць спатрэбіцца ў далейшым жыцці.

Armiya-4

Armiya-2

Аб прэстыжы армейскай службы і яе важнасці гаварылі таксама раённы ваенны камісар Сяргей Акулаў і старшыня Брагінскай раёнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валерый Чарнянок. Вытрымкі, аптымізму і поспехаў жадалі будучым салдатам першы сакратар РК ГА “БРСМ” Сяргей Даўгулявец і загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Раман Цеслянок. З пажаданнямі цярплівасці і мужнасці ў выкананні баявых задач і хуткага вяртання дамоў звярнулася да маладых людзей маці аднаго з прызыўнікоў Алена Любенка, а таксама прафсаюзныя лідары арганізацый, дзе працавалі некаторыя юнакі.

Armiya-1

Да ўсіх віншавальных слоў, што прагучалі ў адрас навабранцаў, далучыліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК, якія парадавалі прысутных музычнымі нумарамі.