Некаторы час назад у Беларусі адрадзілася традыцыя сустракаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі так званымі “працоўнымі падарункамі”. Так, сёлета напярэдадні 7 лістапада ў краіне было адкрыта больш чым 500 новых аб’ектаў. Не стаў выключэннем і наш раён – у Камарыне расчыніў дзверы пасля рэканструкцыі магазін “Родны кут”. Ганаровымі гасцямі ўрачыстага мерапрыемства сталі старшыня Брагінскага райвыканкама Аляксандр Ятчанка, старшыня праўлення Гомельскага аблспажыўсаюза Васіль Смольскі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Чэкан. Менавіта яны перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і сталі першымі наведвальнікамі магазіна.
Адкрыццё новай гандлёвая кропкі райспажыўтаварыства, якая знаходзілася ў стане рэканструкцыі некалькі гадоў, стала знакавай падзеяй для жыхароў гарпасёлка. Многія з іх прыйшлі на цырымонію і акунуліся ў сапраўды святочную атмасферу: маляўнічае афармленне, вясёлая музыка і ветлівы прыём не маглі не радаваць прысутных.
Сучасны, прасторны і ўтульны магазін сустрэў наведвальнікаў таварамі на любы густ, акуратна раскладзенымі па паліцах і вітрынах. І ўжо з першых хвілін усе выказвалі аб ім толькі станоўчыя водгукі. У райспажыўтаварыстве спадзяюцца, што жыхары і госці Камарына дастойна ацэняць змены ў планіроўцы гандлёвай залы і новае абсталяванне. А работнікі прылаўка ў сваю чаргу будуць радаваць пакупнікоў добрым асартыментам і высокім узроўнем абслугоўвання.
Варта адзначыць, што магазін працуе штодня з 8.00 да 22.00.