Сезон нарыхтовак у самым разгары

Грамадства

Ovochi

Дбайныя гаспадары старанна папаўняюць свае кладоўкі і склепы: слоікі з саленнямі і варэннямі выстраіліся ў дружныя рады, а садавіна і гародніна пры спрыяльным уздзеянні невысокіх тэмператур зможа надоўга захавацца свежай.

Клапоцяцца пра запасы сельскагаспадарчай прадукцыі на зіму і работнікі Брагінскага райспажыўтаварыства, дзе да адказнага перыяду правялі капітальны рамонт асноўнага агароднінабульбасховішча ёмістасцю 150 тон, падрыхтавалі размеркавальныя склады, праз якія ажыц-цяўляюцца пастаўкі прадукцыі ў магазіны.

– Аб’ёмы стабілізацыйных фондаў харчовых тавараў на міжсезонны перыяд вызначаны рашэннем Гомельскага аблвыканкама ад 25 верасня 2013 года №973. Нашаму раёну патрэбна закласці на захоўванне 100 тон бульбы і 82 тоны гародніны, у тым ліку 40 тон капусты, 12 тон морквы, па 15 тон буракоў і цыбулі. З садавіны – 15 тон яблыкаў, – паведаміў начальнік аддзела нарыхтовак Анатоль СНІГІР. – Такое заданне павінна быць выканана да 15 лістапада, але мы разлічваем справіцца з ім раней. Закладзенай прадукцыі хопіць да новага ўраджаю – каб забяспечыць і ўласную гандлёвую сетку, і школы, бальніцы, дзіцячыя садкі. Выкарыстоўваць стабілізацыйны фонд можна будзе ўжо з сярэдзіны наступнага месяца.

Пакуль жа вядзецца яго актыўнае папаўненне, і на 15 кастрычніка нарыхтоўка ў лічбах выглядае наступным чынам: 80 тон бульбы, 12 тон буракоў і столькі ж морквы, 10 тон цыбулі і 5 тон яблык. Больш чым 90 працэнтаў сельгаспрадукцыі закупляецца ў насельніцтва: за дзевяць месяцаў бягучага года – на 7 мільярдаў 401,6 мільёна рублёў, што складае 124% да мінулагодняга. Для многіх жыхароў такая магчымасць – здаць лішкі вырашчанага ўраджаю – з’яўляецца дадатковай крыніцай папаўнення сямейнага бюджэту.

Зараз брагінскія кааператары вядуць гандаль садавіной і гароднінай як у межах раёна, так і вобласці – выязджаюць на кірмашы. Так што праблем з запасамі вітаміннай прадукцыі на зіму ў насельніцтва не павінна ўзнікнуць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА