14 кастрычніка – Дзень маці

Грамадства

Den matery

Рэдкае спалучэнне вытанчанай знешняй і ўнутранай прыгажосці, аздобленае душэўнай шчырасцю, ветлівай усмешкай і сардэчнасцю, адразу ж выклікае прыхільнасць. І не пакідае сумненняў: гэтая жанчына выпраменьвае тое вялікае, дзіўнае, таямнічае пачуццё, што называецца шчасцем мацярынства.

Тры яркія сонечныя праменьчыкі – Крысціна, Стасік і Вераніка – саграваюць прасторны драўляны дом у Бакунах, дзе жыве сям’я Кулаёў. Як толькі яго купілі, усе клопаты па рамонце і абсталяванні ўласнага жылля ўзяў на сябе муж і бацька Леанід Іосіфавіч: клеіў шпалеры, фарбаваў… А калі ўсё было гатова, прывёз сюды жонку Таццяну, ураджэнку Рыжкава, з першынцам – маленькай Крысцінай. І ў доме, які напоўніўся любоўю, узаемаразуменнем, пачуццём адказнасці за ўласны дабрабыт, пасялілася сямейнае шчасце.

Цяпер старэйшай дачушцы ўжо споўнілася пятнаццаць, і яна бачыць у маці не толькі прыклад бязмернай клапатлівасці, чуласці і маральнай чысціні, але і лепшую дарадчыцу ў складаныя хвіліны, верную сяброўку , з якой можна падзяліцца патаемным, даверыць усе свае сакрэты.

Крысціна – першая матуліна памочніца: і на кухні, і па гаспадарцы. Сваімі кулінарнымі здольнасцямі ўмее парадаваць усю сям’ю. “Бывае, знойдзе нейкі рэцэпт у інтэрнэце, зацікавіцца, прыгатуе – і смачна атрымліваецца”, – распавядае Таццяна Міхайлаўна. Нездарма, калі накіроўвалася маці ў камандзіроўку, хвалявацца не давялося: у хатніх клопатах на Крысціну можна цалкам спадзявацца.

А вось у адзінаццацігадовага, добрага па натуры Стасіка, як і належыць, інтарэсы зусім не жаночыя: любіць разам з бацькам нешта майстраваць, займацца будаўнічымі справамі. “Толькі давай малаток ды цвікі ў рукі”, – жартуе Таццяна Міхайлаўна.

Найменшая ж дзяцей, радасць і ўцеха – Вераніка ўсё больш туліцца да матулі. Але і ў свае восем годзікаў яна не адстае ад старэйшых: сустрэла нас у двары ў ярка-зялёнай хустцы і гумавых ботах – сабралася разам з усімі перабіраць бульбу.

У вёсцы, зразумела, турбот хапае: дзве каровы, свінні, конь, куры, агарод… За ўсім гэтым патрэбна паспець прыгледзець пасля працы: Таццяна Міхайлаўна працуе загадчыцай гаспадаркі ў Мікуліцкай сярэдняй школе, а Леанід Іосіфавіч – вадзіцелем ДРБУ-155. Ды і ў доме павінны панаваць парадак, утульнасць і камфорт. Таму кожны з яго жыхароў ра-зумее: пра дабрабыт і дастатак, фінансавую стабільнасць у сям’і можна дбаць толькі агульнымі намаганнямі, стараннай працай, узаемападтрымкай і клопатам адзін пра аднаго. Дзяцей тут вучаць не баяцца работы.

З першага погляду нават здаецца, што ў віхуры хатніх клопатаў у сям’і зусім не застаецца часу на адпачынак. Але гэта не так. Калі настае чый-небудзь дзень нараджэння, прастольнае свята вёскі ці якая іншая значная падзея – у доме збіраецца шмат родных і сяброў. Такія моманты, асабліва дзецям, павінны запомніцца, стварыць светлую палітру настрою.

Для жанчыны мацярынскі абавязак – самы важны, галоўны, вызначаны яе зямным прызначэннем. Таму зусім не дзіўна, што Таццяна Міхайлаўна марыць, каб дарослае жыццё яе дачок і сына склалася ўдала, было шчаслівым. І ніякія складанасці не пераважаць той радасці, адчування запатрабаванасці, якія прыносяць дзеці.

Няхай жа Маці Божая атуліць сваім покрыўным плашчом усіх мацярок, даруючы ім веру, цярплівасць і надзею!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА