Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч лічыць мэтазгодным увядзенне падатку з непрацоўных грамадзян. Кіраўнік урада зазначыў, што прыблізна 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва ў Беларусі нідзе не працуюць, а значыць — не робяць ніякага ўкладу ў развіццё эканомікі. «Сітуацыю трэба выпраўляць. Адзін з спосабаў — увядзенне падатку з непрацоўных», — цытуе прэм’ер-міністра дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Каб уцягнуць у эканоміку неактыўнае насельніцтва і забяспечыць людзей дастойнай зарплатай, у рэгіёнах трэба актывізаваць працу па стварэнні высокапрадуктыўных працоўных месцаў, мяркуе прэм’ер.«У кожным раёне неабходна штогод ствараць як мінімум дзесяць малых вытворчасцяў. У нас шмат сваёй сыравіны, якую мы не выкарыстоўваем эфектыўна, а маглі б вырабляць, да прыкладу, будматэрыялы і інвентар, якія імпартуем. Тут вялікае поле дзейнасці», — заявіў Міхаіл Мясніковіч.
Ён таксама паведаміў, што ўрад ужо пачаў фарміраванне бюджэту 2014 года, і ён складваецца «вельмі напружана». Большую частку бюджэтных сродкаў у наступным годзе вырашана накіраваць у рэальны сектар эканомікі, заявіў прэм’ер-міністр. Разам з тым грошы, якія змогуць сэканоміць бюджэтныя арганізацыі, ім можна будзе накіраваць на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне заработнай платы, дадаў Міхаіл Мясніковіч