Поспехі павінны быць

Сельская гаспадарка

Веснавая кампанія, калі меркаваць па тых заўвагах, якія былі выказаны на ўсіх узроўнях у адрас працаўнікоў КСУП “Брагінскі”, будзе напружанай і адказнай. Неабходна  максімальна папрацаваць на будучы  ўраджай, каб вывесці раслінаводчую галіну  на ранейшыя пазіцыі.  У папярэднія гады  гаспадарка славілася высокімі  ўраджаямі  зерневых і зернебабовых,  і  нават тэлеграму ў адрас Прэзідэнта   Рэспублікі Беларусь  Аляксандра Лукашэнкі  дасылала з рапартам пра тое, што  жніво  завершана за дзевяць з паловай дзён. Працаваць умеюць, а калі і дапусцілі пралікі, пастараюцца іх ухіліць.



Агранамічная служба склала план, у якім вызначана, як будуць  павышаць урадлівасць глебы, рыхтаваць  кармы і паляпшаць выпасы для жывёлы. Задача на бліжэйшы час – работа з арганікай. Пакуль  дазваляе надвор’е і не  адтала зямля,  тры-чатыры адзінкі тэхнікі дастаўляюць мясцовыя ўгнаенні на палеткі, дзе будуць размешчаны  сельгаскультуры. “Згодна з планам, мы павінны вывезці больш чым 35 тысяч тон арганікі,  – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Юрый Ясінскі. – Фактычна ж мяркуем за вясенне-летні сезон даставіць удвая больш, прыкладна 60-80 тысяч тон, што дазволіць сэканоміць значныя сумы грошай на азотных угнаеннях, мець  плошчы добра ўгноенай глебы”. Потым, па словах спецыялістаў, падключыцца атрад па ўнясенні арганікі з трыма адзінкамі тэхнікі. 


“Практычна ўся работа па ачыстцы ферм і кашар ляжыць, вобразна кажучы, на  плячах Андрэя Зараніка, – зазначыў аграном. – У яго пагрузчык замежнай вытворчасці, якім лёгка кіраваць і які зручны ў карыстанні. Акрамя гэтага, Андрэй Віктаравіч задзейнічаны на іншых участках вытворчасці. Рабочы дзень аднаго з лепшых нашых механізатараў доўжыцца 10-12 гадзін, прычым працуе ён амаль без выхадных”.


Калі  ёсць  у  “Брагінскім” такія  людзі,  павінны  быць і поспехі.


Ніна СІНІЛАВА