На 1 студзеня бягучага года ў грамадскім статку раёна налічваецца 8408 кароў (101% да ўзроўню 2011-га). Па гэтым паказчыку мінусуе адна гаспадарка – КСУП “Брагінскі” (97%). Валавая вытворчасць малака за 2012 год склала 92,6%. Толькі ААТ “Брагінка” (102,9%) і ААТ “Саўгас “Камарынскі” (100,9%) забяспечылі прырост прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам. Менш малака атрымалі летась у разліку на карову на 287 кілаграмаў (а ўсяго – па 3940 кг). Выключэннем стала ААТ “Брагінка” (+124 кг), ды і надаілі тут ад кожнай фуражнай каровы па 4445 кілаграмаў, а гэта – трэцяе месца пасля ААТ “Саўгас “Камарынскі” (4664 кг) і ААТ “Чамярыскі” (4450 кг). Рэалізацыя малака таксама “ў мінусе” (93,8%).
Па вытворчасці мяса горш за іншых спрацавалі жывёлаводы КСУП “Пераможнік” (97,8%), сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы павялічылі ўсе гаспадаркі. Найвышэйшыя (па 742 грамы) атрыманы яны ў “Брагінцы”.
Вынікі мінулага года прааналізаваны, каб у 2013-м не дапусціць пралікаў у вытворчасці малака і мяса, выйсці на новыя рубяжы. Ідзе зімоўка, адказны перыяд як для працаўнікоў ферм, так і зааветспецыялістаў. Кожны месяц неабходна адбіраць цялушак пад злучку, своечасова праводзіць кантрольнае даенне кароў, не запускаць іх раней тэрміну. Аператары машыннага даення павінны ведаць дату ацёлаў.
Летам рыхтуем дастатковую колькасць кармоў, каб зімой жывёла не галадала. Сёння важна не столькі тое, ці сытная карова, колькі збалансаваны яе рацыён па ўсіх пажыўных элементах. Неабходны арганізму карацін можна папоўніць простым і танным спосабам: скормліваць хвойныя галінкі. Здаецца, з гэтым у нас праблем няма, бо хвойных лясоў хапае.
Пётр ПІНЧУК,
галоўны заатэхнік упраўлення
сельскай гаспадаркі і харчавання