Кароткія і вузенькія сцежкі, доўгія і шырокія шляхі-дарогі вядуць чалавека ад дома да дома, ад месца, дзе нарадзіўся, да школы.
Ксенія Піляк, вучаніца 11 “А” класа Камарынскай сярэдняй школы, дзяўчынка вельмі сціплая, добрая, выхаваная. Бацька, Юрый Мікалаевіч, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў, а маці, Іна Іванаўна, выхавальніца дзіцячага садка. Яны заўсёды падтрымліваюць сваю дачку, з’яўляюцца добрымі дарадцамі ва ўсіх справах і пачынаннях.
З першага класа Ксенія выдатна спасцігала азбуку ведаў, была і застаецца прыкладам для сваіх аднагодкаў і, наогул, усіх вучняў. На працягу сямі гадоў яна прымае ўдзел у прадметнай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Дзякуючы ўласным намаганням і стараннасці, падтрымцы бацькоў, добрасумленнай, адданай працы настаўніцы, у 2010 годзе Ксенія заняла першае месца на ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Годам перамогі стаў для дзяўчынкі і 2013-ты, дзе яна яшчэ раз прадэманстравала цудоўныя вынікі сярод навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў вобласці і была ўзнагароджана дыпломам першай ступені.
Рыхтавала Ксенію настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Адамаўна Музыкіна, якая больш за сорак гадоў працуе ў сістэме адукацыі. Гэта вельмі добразычлівы, адказны педагог, які ўмее зацікавіць сваім прадметам вучняў. Марыя Адамаўна аддае выхаванцам школы ўсю цеплыню і пяшчоту свайго сэрца, імкнецца прывіваць ім любоў да роднага слова, да Бацькаўшчыны, да сваёй малой радзімы. Настаўніца настойліва і мэтанакіравана працуе з дзецьмі. Вельмі патрабавальна, з захапленнем імкнецца рыхтаваць іх да ўдзелу ў алімпіядах, прадметных конкурсах, даследчых работах па беларускай мове і літаратуры. Гэта яе прафесійнае майстэрства, любоў да свайго прадмета дапамаглі Ксеніі дасягнуць поспеху. Калектыў школы шчыра жадае поспехаў і плённай працы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Марыі Адамаўне Музыкінай, а яе вучаніцы Ксеніі Піляк – новых перамог у жыцці і далейшым навучанні.
Члены гуртка “Юны карэспандэнт”
ДУА “Камарынская СШ”