Некалі, на пачатку сваёй працоўнай дзейнасці, давялося пісаць матэрыял пад назвай “Пакуль гром не грымне”. Даваўся ён цяжка, і размова ішла аб убачаным у адной з гаспадарак раёна: парушэннях працоўнай дысцыпліны, правілаў бяспекі, санітарнага стану. Чаму ўзгадаўся зараз? Усё вяртаецца на “кругі свая”, і калі гаварыць аб выніках праверак мабільнай групы, тая назва дваццацігадовай даўнасці вельмі спатрэбілася б. Час ідзе, а недахопы і заганы ўсё тыя ж. Чаго чакае адміністрацыя некаторых арганізацый і ўстаноў раёна – невядома. Таго самага грому з нябёсаў? Дык дрэннага часам і клікаць не патрэбна – яно знаходзіць нас само. А вось на станоўчы вынік даводзіцца доўга і напружана працаваць.
Для тых, хто недасведчаны ў тонкасцях работы мабільнай групы, растлумачу, што створана яна пры раённым выканаўчым камітэце, у яе ўваходзяць прадстаўнікі розных структур. Яе задача — сачыць за ходам выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі №1, іншых дзяржаўных нарматыўных актаў. З гэтай мэтай спецыялісты выязджаюць у арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Недахопы, якія выяўляюцца, фіксуюцца, іх прапануецца ўхіліць у вызначаныя тэрміны. Ды не заўсёды кіраўнікі і спецыялісты займаюцца гэтым. І да папярэдніх нарушальнікаў далучаюцца новыя.
Напрыклад, пры праверках МПМК-91 указвалася на выкананне правілаў тэхнічнай бяспекі, навядзенне парадку на тэрыторыі. На тое, каб выправіць памылкі, не заўсёды патрэбны фінансавыя ўкладанні – толькі жаданне, належная арганізацыя працы. Тут навялі парадак на тэрыторыі, зрухі ў лепшы бок прыкметныя. Але пры наведванні абласной мабільнай групай прадпрыемства знайшліся пустыя бутэлькі з-пад спіртнога ў вытворчых памяшканнях. Тлумачэнні спецыялістаў выглядаюць, прабачце, наіўнымі.
Шмат недахопаў выяўлена і ў КЖУП “Брагінскае”. І таксама недарэчных, якіх магло б і не быць. Крыўдна, бо паказваюць такія выезды, што галоўны наш вораг – дэмагогія, калі слоў многа, а спраў мала. Там, дзе адносіны іншыя, займаюцца ўхіленнем недахопаў, а не проста пішуць прыгожыя адказы. Гэта, для прыкладу, “Брагінаграсэрвіс”, райспажыўтаварыства, іншыя арганізацыі раёна. Але многім яшчэ неабходна правесці «работу над памылкамі», таму што час не дазваляе марудзіць, а патрабуе канструктыўных падыходаў і ўсведамлення адказнасці.
Галіна ШАЎЧЭНКА