Утульны дом, сям’я, родныя людзі – гэта самае галоўнае, што ёсць у жыцці чалавека. Ды, на жаль, далёка не кожнае дзіця мае шчасце так думаць. Бацькоўскі клопат і пяшчота застаюцца запаветнай марай тых, хто вымушаны замест цёплага дома бачыць толькі казённыя сцены дзяржаўнай установы, пазбаўлены душэўнага спакою. Выратавальным кругам у такім выпадку з’яўляецца прыёмная сям’я.
Пытанні ўзаемадзеяння грамадскіх і дзяржаўных арганізацый па аказанні дапамогі прыёмным сем’ям і дзіцячым дамам сямейнага тыпу абмяркоўваліся 25 кастрычніка на практычным семінары, які прайшоў у Гомелі ў рамках традыцыйнага абласнога злёту “Будзьце маімі бацькамі”. Удзел у ім прынялі і 11 прыёмных сем’яў з нашага раёна. А арганізатарамі мерапрыемства сталі абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”, упраўленне адукацыі аблвыканкама.
Як расказала метадыст па пытаннях абароны правоў дзіцяці Рамуальда Пішчук, у прыёмных бацькоў была добрая магчымасць абмяняцца думкамі і вопытам, пасябраваць, сустрэцца з урачамі, псіхолагамі, юрыстам, іншымі спецыялістамі. Чым сёння жывуць такія сем’і, распавяла выстава, аснову якой склалі дзіцячыя творчыя работы, фотаальбомы, стравы з садавіны і гародніны і рэцэпты да іх. Кожны ад-дзел адукацыі падрыхтаваў тэматычны відэаролік. А для дзяцей была арганізавана асобная праграма: з выступленнем лялечнага тэатра, дэманстрацыяй мультыплікацыйных фільмаў, правядзеннем майстар-класаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве навучэнцамі Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. Выгоцкага.
Але самым хвалюючым момантам стала ўзнагароджанне прыёмных сем’яў з перадавым вопытам работы. Прыемна, што ў ліку адзначаных была і наша зямлячка: Святлана Фурс з Хракавіч разам з мужам Іванам Іванавічам выхавала двух сыноў і падаравала сваю любоў, клопат і пяшчоту тром дзецям, якія не змаглі атрымаць гэтага ад біялагічных бацькоў. У кожным з іх змагла заўважыць добрыя якасці і талент, убачыць асобу, дапамагла ім выбраць правільную жыццёвую дарогу і падтрымлівае нават пасля паўналецця. Нягледзячы на афіцыйны статус прыёмнай маці, для Святланы Міхайлаўны ўсе пяцёра – родныя, свае.
Прыёмная дачка Ганна закончыла Лоеўскі педагагічны каледж і паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Яна ўжо стварыла сваю сям’ю і хутка сама стане маці. Добразычлівы, мэтанакіраваны Міхаіл у мінулым годзе паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча. А Мікалай, які трапіў у сям’ю Святланы Міхайлаўны з Мазырскага дзіцячага дома, пакуль вучыцца ў школе. З’яўляецца актыўным удзельнікам разнастайных мерапрыемстваў.
За сваю добрасумленную працу па выхаванні прыёмных дзяцей Святлана Міхайлаўна была адзначана граматамі райвыканкама і аддзела адукацыі, атрымала пісьмо з падзякай ад адміністрацыі педкаледжа. А ад абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” ёй была ўручана Ганаровая грамата за плённую дзейнасць па аказанні дапамогі і падтрымкі дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у іх станаўленні як асобаў і самавызначэнні. Яскравы прыклад добрых пабуджэнняў і адказнасці ў сваім намеры дапамагчы дзецям знайсці дом і людзей, якія будуць іх любіць.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА