Калі ў вас яшчэ засталося ўяўленне аб музеях як аб чарадзе залаў з суха падпісанымі экспанатамі ды зашклёнымі вітрынамі, каля якіх ладзяцца экскурсіі, то такое меркаванне можна смела назваць устарэлым. Пашыранае поле дзейнасці гэтых устаноў дазваляе знаёміць сваіх наведвальнікаў з культурнымі каштоўнасцямі і набыткамі, далучаць да мінулага роднага краю праз новыя, даволі цікавыя, неардынарныя формы, каб выклікаць жывы інтарэс да гісторыі ў як мага большай колькасці людзей.
А чаму б менавіта вам не накіравацца разам з музейнымі работнікамі ў захапляльнае падарожжа скрозь стагоддзі?..
І сябе паказалі, і ў іншых павучыліся
Усю багатую і разнастайную палітру музейнай дзейнасці нашай краіны можна было ўбачыць на першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праходзіў на працягу трох кастрычніцкіх дзён у Гродне і ставіў сваёй мэтай прадэманстраваць дасягненні ў гэтай галіне, адлюстраваць назапашаны вопыт, паспрыяць папулярызацыі айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.
– Мерапрыемства атрымалася вельмі яркім, змястоўным і пазнавальным, было праведзена на вышэйшым узроўні, – дзеліцца ўражаннямі галоўны захавальнік фондаў Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй Надзея Мялешка. – У нас была цудоўная магчымасць абмяняцца вопытам з калегамі, сустрэцца з цікавымі людзьмі, завязаць кантакты, прэзентаваць свае экспазіцыі, паўдзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях, круглых сталах, семінарах, майстар-класах… Асноўныя этапы падзеі разгарнуліся пад дахам цэнтральнага спартыўнага комплекса “Нёман”, і кожны з трох дзён адкрываў для нас нешта новае: ад тэхналогіі вырабу валёнак да сустрэчы ў сценах музея навагодніх святаў. Усё сведчыла аб тым, наколькі можа быць шматграннай, разнапланавай наша дзейнасць, у якіх напрамках развіваецца.
– Апрача гэтага, была прадугледжана культурная праграма, якую склалі вернісажы, канцэрты, спектаклі мясцовага драматычнага тэатра, экскурсіі па горадзе, што ўразіў сваёй прыгажосцю, – дадае старшы навуковы супрацоўнік Алеся Даўгулявец. – Форум прыняў у Гродне каля 700 чалавек. Прычым гэта былі спецыялісты музейнай сферы не толькі Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Славакіі, Нідэрландаў, Ізраіля, Аўстрыі, Германіі, іншых краін свету. Усе шчодра дзяліліся сваімі прафесійнымі напрацоўкамі.
Кожнаму з музеяў-удзельнікаў, а іх налічвалася каля 150, была адведзена пляцоўка, дзе калектывы мелі магчымасць заявіць аб выніках сваёй працы, фрагментарна прадставіць візітоўку, якая б давала ўяўленне пра канцэпцыю падрыхтаванай імі экспазіцыі, багацце фондаў, прынцыпы і напрамкі работы з наведвальнікамі, асаблівасці рэкламы. І брагінчане выкарысталі свае паўтары гадзіны па максімуму: паспелі не толькі прэзентаваць дзейнасць установы ад яе заснавання да цяперашніх дзён, але і прадэманстраваць прывезеную сувенірную прадукцыю, зняты відэастудыяй “Вясёлка” фільм аб творчасці нашага знакамітага земляка Сяргея Палуяна “Адданы сын сваёй зямлі”, што стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу відэафільмаў “Радзіма мая дарагая”, правесці майстар-клас па стварэнні абрадавых лялек, распаўсюдзіць буклеты, выданы ў рамках міжнароднага праекта зборнік вершаў дзяцей на чарнобыльскую тэматыку “Наперакор. На радасць. На ўспамін”. Вялікі інтарэс выклікаў таксама ва ўдзельнікаў форуму наш брэндавы экспанат – метэарыт “Брагін”. Але найбольш, як прыкмеціла Надзея Іванаўна, іх калег усё ж цікавіла тэма Чарнобыля: як адлюстравана яна, раскрыта ў нашым музеі. І гэта ўздымала працу брагінчан на больш высокую прыступку, бо на форуме ў асноўным былі прадстаўлены этнаграфія, жывапіс, гісторыя ваенных часоў.
У час закрыцця маштабнага мерапрыемства адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу “Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю”. Гран-пры атрымаў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Вызначаны пераможцы ў некалькіх намінацыях.
Дамоў вярнуліся прадстаўнікі нашага раёна з дыпломам, масай прыемных уражанняў, творчым натхненнем. І, вядома ж, з вялікім жаданнем прыняць удзел у наступным такім мерапрыемстве, якое плануецца праводзіць у адным з беларускіх гарадоў кожныя два гады.
Запрашаем у краму
Няправільна будзе не ўзгадаць, што менавіта ў час правя-дзення форуму на абмеркаванне яго ўдзельнікаў была вынесена адна з галоўных задач – развіццё маркетынгавай дзейнасці ў музеях. “Для нас важна, каб музеі таксама зараблялі”, – падкрэсліў у час адкрыцця міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Але як атрымліваць прыбытак, ім яшчэ патрэбна вучыцца. І на мерапрыемстве ў Гродне, дарэчы, былі для гэтага прыклады: тэхналогіі, метады, маркетынг. Магчыма, кагосьці ўбачанае натхніць на новыя праекты, падштурхне да неардынарных ідэй, ініцыятывы. У людзей павінен фарміравацца сучасны погляд на музей, які ўжо зусім не той, што быў дваццаць гадоў назад. Гэта даказвае і пашырэнне формаў яго дзейнасці, увядзенне новых платных паслуг. Таму варта звярнуць увагу…
Ці ведаеце вы, напрыклад, паважаныя чытачы, што пры нашым мясцовым гістарычным музеі з карціннай галерэяй працуе сувенірная крама? Калі не, то абавязкова завітайце: тут можна набыць сувеніры, у якія ўклалі свой талент, майстэрства і фантазію работнікі галіны культуры, а што можа быць даражэй за рэчы, якія захоўваюць цеплыню далоняў, душэўны стан і настрой творцаў. З музейнай прадукцыі прапануюцца абрадавыя лялькі, дыскі з відэасюжэтамі.
У ліку новых паслуг – прагляд відэафільмаў, відэазапіс.
Да цудаў Брагіншчыны
Яшчэ адна прыемная навіна: цяпер супрацоўнікі музея арганізоўваюць экскурсіі не толькі па яго залах, але і па райцэнтры, запрашаюць яго жыхароў і гасцей, працоўныя калектывы бліжэй пазнаёміцца з сямі цудамі Брагіншчыны. Аб іх я зараз вам нагадаю.
Брагінскі строй. Так называецца традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ва ўсходнім Палессі, якому ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгажэнні.
Метэарыт. А дакладней, адна з 14 “кропель” метэарытнага дажджу, якім вучоныя далі назву “Брагін”.
Даразахавальніца. Яркі ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XVIII стагоддзя. Раней яна знаходзілася ў Пакроўскай царкве, якая была пабудавана прыхаджанамі ў 1792 годзе і разбурана ў 1936-м. Тады частку царкоўных рэчаў мясцовыя жыхары схавалі ў сваіх дамах.
Парк з рэшткамі сцяны замка князёў Вішнявецкіх. Знаходзіцца ў Тэльмане. Першапачаткова быў створаны прыкладна ў XVII стагоддзі, а напрыканцы XVIII на яго месцы выпісаным з-за мяжы майстрам садова-паркавай справы быў разбіты новы парк, які часткова захаваўся да нашых дзён.
Рэшткі сцяны замка князёў Вішнявецкіх. У 1535 годзе Брагін быў падараваны князям Аляксандру і Міхаілу Вішнявецкім. Сваю рэзідэнцыю яны зрабілі ў старым замку, дзе потым, у 1601-1603 гадах, жылі слугі-авантурысты, аднаму з якіх належала адыграць амаль што не галоўную ролю ў гісторыі смутнага часу. Гэта былі Ілжэдзмітрый I і Аляксандр Лісоўскі.
Камень кахання. Менавіта на ім, паводле легенды, сядзелі беглы манах Рыгор Атрэп’еў, якому ў свой час далі прытулак князі Вішнявецкія, і польская прыгажуня Марына Мнішак, якая паставіла ўмову: зробішся царом – вазьму з табой шлюб. І той выканаў патрабаванне: у часы смуты ў Расійскай дзяржаве стаў Ілжэдзмітрыем Першым.
Чорная бяроза. Вельмі рэдкі для Беларусі від, амаль нідзе болей у нашай краіне не сустракаецца. Расце на Далёкім Усходзе, у Манголіі, Паўночным Кітаі, Японіі, Карэі. Лічыцца індыкатарам прыгоднасці глебы для земляробства. Але знаходжанне гэтага дрэва на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка не дазваляе, на жаль, знаёміцца з ім на свае вочы.
Да ўсіх жа астатніх цудаў Брагіншчыны ёсць магчымасць накіравацца разам з супрацоўнікамі музея з экскурсіяй, у тым ліку і ў таямнічы тэльманаўскі парк, дзе яшчэ гучыць рэха мінулага, можна адчуць дух той эпохі, уявіць непасрэдную прысутнасць колішніх гаспадароў, чые імёны назаўсёды знітаваны з нашай гісторыяй і культурай. І, хто ведае, можа і сапраўды такой моцнай сілай кахання адорыць уступаючых у шлюб камень-валун, на якім пасядзіць маладая пара…
ПАД АХОВАЙ
У полі зроку работнікаў музея знаходзяцца таксама пытанні аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей Брагіншчыны. А зараз на яе тэрыторыі налічваецца 22 аб’екты, якія занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, у тым ліку 16 помнікаў археалогіі, адзін – архітэктуры, пяць воінскіх пахаванняў. Работу па іх ахове каардынуе спецыяльна створаны савет.
На ўсе гэтыя аб’екты сабраны пакет дакументаў, ёсць паспарты, ахоўныя абавязацельствы і ўліковыя карткі. І зараз супрацоўнікі музея гатовы аказаць дапамогу ўладальнікам тых ці іншых помнікаў па афармленні на іх адпаведнай дакументацыі. Пакуль такой платнай паслугай скарыстаўся толькі Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Чакаецца, дарэчы, што спіс аб’ектаў, якія аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцей, папоўніцца – на разгляд Міністэрства культуры накіраваны даныя аб прысваенні такога статусу помніку “Бюст В.І. Ігнаценкі і сцяна памяці ахвяр Чарнобыля”.
…ДЗЕ ІЛЖЭДЗМІТРЫЙ БАЛЯВАЎ
З усіх захаваных на тэрыторыі раёна помнікаў найбольшую заклапочанасць усё ж выклікае стан парка з рэшткамі сцяны замка князёў Вішнявецкіх, бо ёсць пагроза разбурэння яго фрагментаў. Таму ў мэтах прадухілення гэтага ён быў уключаны ў Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”, разлічаную на 2012-2018 гады, і ў раённы план мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Каб зберагчы помнік, неабходна правесці яго кансервацыю. І такая надзея з’явілася з візітам на Брагіншчыну прадстаўніка ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Антоніуса Брука, які паабяцаў фінансавую падтрымку ў гэтай справе.
НАСУСТРАЧ УРАЧЫСТАСЦІ
З набліжэннем чарговай гадавіны вызвалення Брагіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў работнікам музея дадаецца яшчэ і клопатаў, звязаных з дастойнай сустрэчай гэтай урачыстасці. Сваімі сіламі рыхтуюць адкрыццё залы, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна. І будуць вельмі ўдзячны, калі мясцовыя жыхары таксама ўнясуць уклад у яе афармленне, дапамогуць папоўніць экспанатамі. Магчыма, менавіта ў вас захаваліся нейкія дакументы, узнагароды, прадметы побыту, мэбля, іншыя рэчы, якія могуць даць уяўленне аб суровым ваенным часе, акупацыйным рэжыме на Брагіншчыне, – у музеі яны стануць жывой гісторыяй. Дастаткова паведаміць аб сваім намеры перадаць іх на захаванне па тэлефоне 2-11-21, і супрацоўнікі ўстановы прыедуць да вас самі.
Яны шчыра запрашаюць брагінчан наведаць музей у святочную дату 23 лістапада, калі і адбудзецца адкрыццё названай залы. Пры гэтым варта прыняць да ведама, што ўрачыстасць будзе суправаджацца акцыяй “Памяць”, сутнасць якой супрацоўнікі пакуль трымаюць у сакрэце. Прадугледжана яе музычнае і відэасуправаджэнне. Наведвальнікі таксама змогуць агледзець калекцыю жывапісу, у аснову якой пакладзены добра знаёмыя жыхарам Брагіна пейзажы, мясціны, жыццёвыя сюжэты.
Што ж, магчыма, і сапраўды патрэбна часцей бываць у музеях, каб пераканацца: гэта не проста месцы збору прадметаў мінулага, якія служаць толькі для задавальнення дапытлівасці. Гэта сапраўдныя навукова-адукацыйныя, культурныя цэнтры, куды настаўнікі абавязкова павінны прыводзіць сваіх вучняў, бацькі – дзяцей… Гэта школа, адкуль можна чэрпаць веды, вопыт , адкрываць шмат новага, цікавага, пазнавальнага для сябе. Гэта люстэрка мінулага нашай малой і вялікай Радзімы.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА