Была вайна… Як часам прыгожа і патэтычна, з высакародным надрывам мы гаворым гэтыя два словы і нават не ўяўляем, з якой крывавай мазаікі яны складаюцца, колькі ў іх жаху, пакут і слёз, бязвінна забітых людзей, загубленых лёсаў, разбітых мараў… Самае вялікае шчасце – што не ўяўляем, не чуем, не бачым. Не знаходзімся пад прыцэлам варожых куль, не хаваем загорнутыя ў прасцiны целы забiтых родных, не галосім над папялішчам роднай хаты. Нам пашанцавала нарадзіцца ў мірны час, даведацца пра вайну толькі з кніг і кінафільмаў, расказаў ветэранаў, сустрэць не адзін дзень вызвалення роднага краю ад нямяцка-фашысцкіх захопнікаў. Дык будзем жа удзячнымі нашчадкамі: спынімся на хвіліну, узгадаем, як гэта было, аддадзім даніну памяці.
З успамінаў Д.В. Прышчэпава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, жыхара г.п. Брагіна:
– 22 чэрвеня 1941 года збіраўся сход Брагінскай раённай партыйнай арганізацыі з парадкам дня:
1. Аб падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю і правядзенні збожжанарыхтовак.
2. Аб гатоўнасці тэхнічнай базы да прыёму збожжа і завяршэнні сенанарыхтовак.
Па першым пытанні дакладчыкам быў сакратар райкама партыі К.П. Дзюндзікаў, а па другім падрыхтаваўся выступаць раённы ўпаўнаважаны наркамата нарыхтовак.
Было дзесьці каля дзесяці гадзін раніцы. У раённым Доме культуры, дзе намячаўся сход, па радыё трансліравалася музыка. Пачатак мерапрыемства затрымаўся таму, што Дзюндзікава тэрмінова выклікалі ў райкам партыі па званку з Мазыра. Вярнуўся сакратар вельмі ўзрушаны і, пагутарыўшы са старшынёй райвыканкама, ашаламіў усіх весткай аб вераломным нападзе Германіі на Савецкі Саюз.
Напачатку зала прыціхла, але потым загула, як патрывожаны пчаліны вулей: што, як, чаму?
– Спакойна, таварышы! Аб падрабязнасцях – пазней. У дванаццаць гадзін будзе спецыяльнае паведамленне па радыё.
…Затаіўшы дыханне, камуністы, актыў райцэнтра слухалі В.М. Молатава, які зачытваў зварот Палітбюро ЦК ВКП(б) да партыі і народа…
Літаральна за чатыры дні, 23-26 чэрвеня, была завершана мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію. На франты Вялікай Айчыннай пайшлі тысячы жыхароў Брагінскага і Камарынскага раёнаў. На іх тэрыторыі разгарнуліся эвакуацыйныя работы. Не прымусіў сябе чакаць суровы акупацыйны рэжым.
У верасні 1941 года ў Брагіне пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Першы ўдар быў нанесены па яўрэйскіх сем’ях і партыйна-савецкім актыве.
У двары тагачаснай беларускай школы было створана яўрэйскае гета, у якім утрымлівалася каля 600 чалавек, у тым ліку 156 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. У тую жудасную восень і пазней на грузавіках і падводах немцы звозілі яўрэяў, натоўпамі гналі людзей у Брагін з навакольных вёсак, з Камарыншчыны і Лоеўшчыны, дастаўлялі арыштаваных з Хойнік і іншых месцаў, нават з Азарычаў, Капаткевічаў, Калінкавічаў, Мазыра. Хапалі цэлымі сем’ямі. Затым гэтых замардаваных, ні ў чым не вінаватых людзей розных узростаў бязлітасна знішчалі. У прыватнасці, па загадзе шэфа жандармерыі Вільгельма Фрыдрыха 27 лістапада 1941-га было ліквідавана брагінскае яўрэйскае гета. Больш за 600 яго вязняў расстралялі або закапалі жывымі ў дзвюх вялікіх ямах у раёне цяперашнях вуліцы Набярэжнай.
У Камарыне, ва ўрочышчы Печы, каля Саласцянавага возера, і на двары калгаса “Серп і молат” было расстраляна 140 яўрэяў розных узростаў, пераважна жанчын і дзяцей.
Пасля знішчэння партыйна-савецкіх актывістаў і гаспадарчых кіраўнікоў акупанты браліся за іх родных і блізкіх. Толькі ў Брагінскім і Камарынскім раёнах гітлераўцамі было загублена 285 сем’яў.
Ужо ў першы год вайны гітлераўцы распачалі кампанію “добраахвотнай” вярбоўкі рабочай сілы на працу ў Германію. Каб заманіць ахвяры ў сваю пастку, фашысцкая прапаганда не скупілася на абяцанні, паказваючы ў ружовым святле нямецкі “рай”. Але поспеху гэтыя абяцанні не мелі. У выніку “добраахвотная” кампанія сарвалася, і акупанты пачалі літаральна паляваць на людзей. У Германію было вывезена звыш 2000 чалавек з Брагінскага і Камарынскага раёнаў.
Не менш цяжкімі і страшнымі былі для брагінчан 1942-1943 гады: дзікае паляванне на яўрэяў, якія спрабавалі схавацца ад згубы, высочванне ўсіх, хто хоць нейкім чынам быў звязаны з партызанамі ці проста спачуваў ім, расстрэлы, спаленні людзей жывымі, забойствы дзяцей, як гэта было ў Бярозках, Кіраве, Лубеніках, Мікулічах, Савічах, іншых населеных пунктах.
З успамінаў М.Ц. Назаравай, жыхаркі в. Вярховая Слабада:
– Жорстка расправіліся з маімі аднавяскоўцамі фашысты ў красавіку 1942 года. Жыхароў зганялі ў хаты, у хлявыі спальвалі жывымі. Калі прыйшла наша чарга, маці крыкнула: “Уцякайма, дзеці! Усіх заб’юць!” Мы кінуліся ў прыдарожныя кусты. Ззаду загрымелі стрэлы, але, на шчасце, кулі нікога з нас не закранулі. Мы схаваліся і перасядзелі да ночы ў нейкай яміне. Адтуль бачылі, як гарэла вёска, чулі страшныя крыкі жанчын і дзяцей. Потым усё сціхла. Ад нашай вёскі засталіся адны чорныя галавешкі.
Нягледзячы на суровы акупацыйны рэжым, ужо з восені 1941-га ў Брагіне і некаторых буйнейшых населеных пунктах раёна (Савічах, Нежыхаве, Асарэвічах і інш.) пачалі дзейнічаць падпольныя партыйна-камсамольскія, антыфашысцка-патрыятычныя арганізацыі і групы, іх сувязныя. З часткі іх саставу затым былі створаны першыя партызанскія групы, якія ў далейшым паклалі пачатак партызанскім атрадам імя Катоўскага і імя Варашылава. У снежні гэтага ж года на Брагіншчыне зарадзіўся партызанскі рух.
З успамінаў С.І. Філіпенкі, былога камандзіра партызанскіх атрадаў імя Р.І. Катоўскага і К.Я. Варашылава:
– Нашай задачай было – не дапусціць стварэння немцамі ў вёсках або знішчэнне існаваўшых паліцэйскіх груп, пашкоджанне ліній сувязі, падрыў мастоў, прадухіленне вывазу акупантамі нарабаваных у мірнага насельніцтва жывёлы, збожжа, вядзенне палітычнай прапаганды і агітацыі сярод жыхароў і інш. І мы многае рабілі ў гэтым плане. У прыватнасці, у ліпені 1943 года быў знішчаны паліцэйскі гарнізон у Камарыне. З таго часу акупацыйная ўлада ў гэтым гарпасёлку не аднаўлялася.
Да моманту злучэння з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі 22 верасня 1943 года ў нашым партызанскім атрадзе налічвалася больш як 80 байцоў.
Восенню 1943-га, падчас баёў за Днепр, народныя мсціўцы ўсяляк дапамагалі наступленню Чырвонай Арміі. Нямала нямецкай тэхнікі ўзляцела ў паветра на іх мінах, шмат варожых салдат знайшлі бясслаўную смерць ад трапных партызанскіх куль.
23 лістапада 1943 года ўся Брагіншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За подзвігі, праяўленыя пры выгнанні з яе тэрыторыі ворага, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 396 салдатам, сяржантам і афіцэрам Чырвонай Арміі, тысячы воінаў адзначаны ордэнамі і медалямі. Больш за 3,5 тысячы доблесных сыноў Айчыны загінулі ў небывалай па сваім напружанні дняпроўскай бітве.
…Была вайна. І былі людзі, зацягнутыя ў яе страшэнны вір. Не ўсе дажылі да светлага дня вызвалення роднага краю, не ўсе дачакаліся сваіх родных і блізкіх. Але аб кожным будзем памятаць.
Нізкі паклон табе, слаўнае пакаленне пераможцаў у Вялікай Айчыннай! Шчырая падзяка за мірнае неба і спакойнае жыццё.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА