Сёлета хлебаробам раёна патрэбна было ўбраць 17 050 гектараў зерневых і зернебабовых. З гэтай задачай яны справіліся паспяхова, сабралі 41 225 тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць склала 24,2 цэнтнера з гектара. Найвышэйшая яна ў КСУП імя Жукава – 29,8 ц/га, “Малажынскі” – 27,5, “Чамярыскі” – 24,8. Калі браць у разрэзе культур, то найбольш шчодрая на аддачу была азімая пшаніца (30 ц/га), азімы і яравы ячмень (26,8). Найменшая ўраджайнасць атрымана ад яравой пшаніцы – усяго па 18,7 ц/га.
Планавалася ўбраць 3500 гектараў азімага рапсу, але з-за неспрыяльных умоў надвор’я давялося спісаць або перавесці ў кармавую групу 52 гектары. З той плошчы, якая засталася (3448 га), намалацілі 7116 тон, што вышэй мінулагодняга на 3260 тон. Ураджайнасць у бункернай вазе – 20,6 цэнтнера з гектара (+ 5,6 цнт). Вар’іруецца яна ад 27,4 ц/га (КСУП імя Жукава) да 14,5 (“Брагінка”). Прычын недабору насення рапсу некалькі: парушэнне тэрмінаў і тэхналогіі сяўбы, дрэнная перазімоўка, ігнараванне хімічнай праполкі ў асенні перыяд вегетацыі, што прывяло да засмечвання пасеваў пустазеллем і падаліцай азімых зерневых культур. Адзначаныя недахопы мелі месца ва ўсіх гаспадарках, акрамя “Чамярыскага”.
Асабліва хачу спыніцца на такім тэхналагічным прыёме, як апрацоўка глебы пасля розных папярэднікаў. Праводзіцца яна з мэтай стварэння спрыяльных умоў для прарастання і развіцця азімага рапсу, забеспячэння аптымальнага паветранага, воднага і пажыўнага рэжыму і залежыць ад вільготнасці плошчаў, тэрмінаў сяўбы і інш. Кіраўнікам, галоўным аграномам гаспадарак неабходна прыняць меры па забеспячэнні аховы пасеваў рапсу ад пустазелля і шкоднікаў, сумесна з дырэкцыяй ААТ “Брагінаграсэрвіс” знайсці сродкі для набыцця мікраўгнаенняў і прымяніць іх у асенні перыяд. Планавыя пасяўныя плошчы азімага рапсу — 3500 гектараў. Для гэтага закуплена элітнае насенне сорту “зорны” ў колькасці 25,3 тоны. Усё яно пратручана. КСУП “Чамярыскі” набыў 1,5 тоны французскіх гібрыдаў сартоў “артыст”, “няптун”, “элвіс”, “гідрамель” у ІП “Агриматко-96”.
Сёлета плануем правесці апрацоўку пасеваў гербіцыдамі да ўсходаў, забяспечанасць імі складае 94%, а інсектыцыдамі супраць шкоднікаў – 2%.
Пад ураджай 2013 года гаспадаркам раёна даведзена заданне па нарыхтоўцы і ўнясенні арганічных угнаенняў у колькасці 40 тысяч тон, гліфасатутрымліваючых прэпаратаў на плошчы 8800 гектараў. Імі забяспечаны пакуль на 45%. Гэта ў цэлым, бо КСУП “Брагінка” – на 80%, “Малажынскі” – на 67,6%, імя Жукава – на 62,8%. У астатніх і таго менш: КСУП “Брагінскі” можа ўнесці прэпараты на 27,1% плошчаў, “Чамярыскі” – на 12,2%, “Пераможнік” – 38%, КСУП “Саўгас “Камарынскі” – на 28%. Хімічныя сродкі неабходна закупіць і выканаць работу да 1 кастрычніка бягучага года.
Планавыя пасяўныя плошчы азімых культур на зерне – 14 500 гектараў, таму сельгаспрадпрыемствам неабходна засыпаць 3384 тоны насення. З нарыхтаванай колькасці кандыцыйнае складае 36,6%, або 1239 тон. Насенняводчым КСУПам раёна выдзелена 204 тоны эліты, закуп насеннага матэрыялу будзе весціся за межамі раёна. Набылі азімы ячмень (19,2 тоны), пшаніцу (10 тон) і трыцікале (14,7 тоны). Патрабаванне сёлетняга года – правесці сяўбу насеннем не ніжэй другой рэпрадукцыі.
Забяспечанасць пратручвальнікамі – 76%, хаця КСУП “Чамярыскі” і “Пераможнік” маюць стопрацэнтную. Астатнім гаспадаркам да 1 верасня неабходна было закупіць іх у поўным аб’ёме. Спатрэбіцца таксама 2930 тон дзеючага рэчыва NPK, у тым ліку азоту – 312, фосфару – 805, калію – 1813 тон. Мінеральныя ўгнаенні ёсць, але ў дастатковай колькасці толькі калійных. Не хапае фосфарных (забяспечанасць – 49%) і азотных (93%). КСУП “Саўгас “Камарынскі” заключыў дагавор на пастаўку азоту цераз КПТУП “Рэчыцааграхімсэрвіс” на суму 130 млн рублёў. Па фосфарных угнаненнях (з улікам паступлення па Праграме ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС) застаецца адкрытым пытанне ў КСУП “Брагінскі”, “Чамярыскі”, “Саўгас Камарынскі”, якія заключаюць дагаворы на іх закупку за межамі рэспублікі цераз ААТ “Малочныя прадукты” (аплата).
Не выканана заданне па перазалужэнні сенажацяў і пашы, план – 3553 гектары, факт – 200. У КСУП імя Жукава, напрыклад, усяго 15 га, “Брагінскі” – 90, “Пераможнік” – 60. Астанія ўвогуле не прыступалі да гэтай работы.
Усе сельгаспрадпрыемствы завяршаюць уборку траў другога ўкосу, на чарзе – кукуруза, з якой будуць рыхтаваць сілас. Да 1 верасня неабходна было скасіць бульбоўнік, каб прыступіць да копкі клубняў. “Другому хлебу” адведзена 450 гектараў. А ў “Брагінцы” надышоў час уборкі цыбулі. Прывычныя клопаты для гэтай пары.
Рэната БЛОЦКАЯ,
галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання