Дэбатаў будзе няшмат

Грамадства

Большасць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі не маюць намеру ўдзельнічаць у дэбатах. Аб гэтым паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.


Паводле слоў сакратара ЦВК, у некаторых акругах кандыдаты, якія жадаюць дэбатаваць, не знаходзяць апанентаў. Хтосьці адзін жадае падыскутаваць аб тым, як вырашаць сацыяльна-бытавыя і іншыя пытанні ў акрузе, а іншыя – не. У такіх выпадках дэбатаў не будзе, сказаў Мікалай Лазавік. Акругі, у якіх дэбаты адбудуцца, ёсць, але пакуль іх няшмат. Напрыклад, у Гомельскай вобласці іх усяго дзве ці тры.


Сакратар ЦВК растлумачыў журналістам, чаму перадвыбарныя выступленні кандыдатаў з заклікамі да байкоту выбараў не пойдуць у эфір. “З боку дзяржавы было б неразумна арганізоўваць выбарчую кампанію, траціць на гэта вялікія сродкі і прадастаўляць магчымасць апанентам выкарыстоўваць эфірны час для правядзення агітацыі супраць дзяржаўнага мерапрыемства”, – падкрэсліў Мікалай Лазавік, дадаўшы, што ніякіх санкцый да кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту, прыменена не будзе.


Ён удакладніў, што агітацыя за байкот заканадаўствам Беларусі не забаронена, але яна не ўпісваецца ў перадвыбарную агітацыю, паняцце якой дакладна дадзена ў выбарчым заканадаўстве. Закон тлумачыць, што перадвыбарная агітацыя – “гэта дзейнасць, якая ставіць сабе за мэту схіліць або схіляе выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, галасавання за тых ці іншых кандыдатаў або супраць іх”.


БелТА