ПОСПЕХІ БЫЛІ І БУДУЦЬ

Сельская гаспадарка

Няспешна камбайны пакідаюць хлебнае поле. Першымі ў раёне жніво завяршылі хлебаробы КСУП імя Жукава, за імі – “Чамярыскага”. У сераду, 8 жніўня, на фінішную прамую выйшлі зернеўборачныя экіпажы КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”.


– А мы ўжо практычна ўбралі збожжавыя, – паведамілі нам працаўнікі гаспадаркі, якіх мы сустрэлі на зернетаку. – Сёння да абеду  камбайнеры павінны  зжаць і абмалаціць апошнія гектары.” Гэта пацвердзіў і галоўны інжынер гаспадаркі Уладзімір Свірыдзенка, які  цэлымі днямі  калясіць па палях і дарогах. Тэхнікі ў іх шмат, у тым ліку  замежнай вытворчасці, а яна мае ўласцівасць выходзіць са строю. Тэрмінова вярнуць сельгасмашыны ў строй – не толькі прафесійны абавязак, але і  гарантыя паспяховага  завяршэння палявых работ у такі напружаны час.  І не толькі жніва. Сяўба азімых  на чарзе, неабходна вызваліць палі ад саломы, падрыхтаваць плошчы.


Аб тым, што ўборачная была напружанай, што людзі па-ранейшаму працуюць у тым жа рытме, сведчыць ажыўленне каля зернеачышчальна-сушыльнага агрэгата. Прыемна сустрэцца з героямі ранейшых рэпартажаў, бо заўсёды сочыш за іх дасягненнямі і нават хвалюешся,  ці пацвердзяць мінулагоднія паказчыкі. Вось яны, майстры сваёй справы: Уладзімір Заяц, Аляксандр Федарэнка і Аляксандр Буйневіч.  Ім даручылі перасушыць і ачысціць збожжа, і гэтую задачу  звяно выканала з поспехам.  Будову  сушылкі КЗС В 30 Ж  брагінскія спецыялісты вывучылі яшчэ пры яе мантажы, бо прысутнічалі  пры гэтым.  Уладзімір Заяц абслугоўвае агрэгат другі год. Дарэчы, дзесяць сезонаў запар  убіраў каласавыя, а потым па просьбе былога дырэктара Анатоля Хадаска пераключыўся на перапрацоўку намалочанага.


Як я зразумела з размовы, не кожнаму даручыш гэты ўчастак вытворчасці.  Складана,  цяжка не толькі фізічна.  Да гэтага сельскім жыхарам не прывыкаць.  Асноўнае – патрэбны  веды і кемлівасць.  Аляксандр Буйневіч трапна зазначыў: можна  закончыць дзве ВНУ і  не разабрацца, што да чаго.  Летась  ён працаваў па дагаворы,  бо асноўнае месца работы – склад.   Не застаўся ў баку ад  жніва і  сёлета.  Трэці, хто ім  дапамагае, – Аляксандр Федарэнка.  Два машыністы нязменна нясуць вахту каля сушылкі, трэці ў гэты час адпачывае. За змену перапрацоўваюць да 300 тон збажыны, падсушваюць, ачышчаюць яе.  З зарплатай, у тым ліку і ў натуральным выглядзе, іх не крыўдзяць, атрымаюць і грошы, і  зерне.  Ёсць у іх свой  вадзіцель, які замацаваны за сушыльным агрэгатам. Гэта Юрый Савенка.


Пра тое, што менавіта ў “Брагінскім” забяспечылі найвышэйшы валавы намалот рапсу,  я пачула і ад заатэхнікаў, і ад механізатараў.


Узгадаўся мінулагодні абласны семінар з удзелам старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка на базе нашага раёна і гэтага сельгаспрадпрыемства.


Тады галоўны аграном гаспадаркі Юрый Ясінскі расказваў, што пад алейную культуру адвялі ўчастак, на якім расло трыцікале. Пасля ўборкі правялі лушчэнне ржэўніку, ворыва на глыбіню ворыўнага гарызонта, унеслі мінеральныя ўгнаенні, адрэгулявалі рабочыя органы АКШ. Юрый Гіляравіч падзяліўся і іншымі сакрэтамі вырошчвання рапсу, у прыватнасці, каб поле было роўнае, зямля павінна сесці. З гадамі тут выпрацавалася свая тэхналогія з улікам бальнасці глебы і яе структуры, і,  як бачна, гэта дало свае вынікі. Ураджайнасць склала 24 цэнтнеры з гектара, валавы збор – 1368 тон. Як сведчаць даныя ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, гэта найвышэйшы паказчык у раёне.


Пра лепшых камбайнераў і іх памочнікаў на старонках “Маяка Палесся” расказвалася раней, калі іх віншавалі з першай тонай намалочанага і перавезенага збожжа. Яны па-ранейшаму працуюць, мацуюць эканоміку гаспадаркі, паляпшаюць свой дабрабыт. У  КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” трывалы падмурак, на якім грунтаваліся поспехі, слава, высокія дасягненні.  Ім быць і далей, бо людзі, якія перажываюць за лёс гаспадаркі і яе добрае імя, ганарацца тым, чаго дасягнулі,  здольны  на многае.


Ніна СІНІЛАВА