Будучы першакласнік Уладзіслаў Вашкевіч атрымаў падарункі ад калектыву раённага аддзела ўнутраных спраў.
Праз тры дні школьны званок пакліча вучняў за парты. З асаблівай нецярплівасцю чакаюць гэтага моманту хлопчыкі і дзяўчынкія, якія ўпершыню пераступяць парог школы. Сярод іх – Уладзіслаў Вашкевіч. У яго ўжо ўсё падрыхтавана да першага верасня: у шафе вісіць новы касцюм з беласнежнай кашуляй, начышчаны да бляску туфлі, укамплектаваны рукзак.
Улад расце ў шматдзетнай сям’і, дзе, як кажуць, кожная капейка на ўліку, таму зборы ў школу маглі сур’ёзна “падарваць” дамашні бюджэт. Але якраз дарэчы да будучага вучня з падарункамі завітаў намеснік начальніка Брагінскага РАУС Вячаслаў Лысянок.
Удзел у дабрачыннай акцыі “Збяром партфель першакласніку” супрацоўнікі міліцыі прымаюць кожны год. Дапамагчы хлопчыкам і дзяўчынкам са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў – справа высакародная. Тым больш, напярэдадні адной з важных у іх жыцці падзей – пачатку школьнай пары. Вячаслаў Васільевіч пажадаў Уладу поспехаў у вучобе, а той у сваю чаргу паабяцаў, што будзе вучыцца толькі на “выдатна”.
Вольга ПАЛЯШЧУК