НЕ ПАКАЛЕЧЫЦЬ ЛЁСАЎ

Тэрыторыя закона

У любым цывілізаваным грамадстве злачынства лічыцца злом. А калі праведзеную законам мяжу пераступае падлетак?.. Гэта ў значнай ступені недагляд дарослых. На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх былі прыведзены лічбы, што сведчаць: за першае паўгоддзе  ў параўнанні з аналагічным перыядам 2011-га колькасць злачынстваў у дзіцячым асяроддзі вырасла ўдвая. На Брагіншчыне сёлета зарэгістраваны чатыры такія факты, два з якіх “упісаў” у агульную трывожную статыстыку вучань Малейкаўскай сярэдняй школы. На яго ж рахунку, дарэчы, яшчэ чатыры крадзяжы, здзейсненыя ў мінулым годзе. Выпадак, хутчэй, з тых рэдкіх, якія ўжо можна назваць “хваробай”. Непаўналетні знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра, зараз асуджаны да трох месяцаў арышту з адбываннем пакарання ў следчым ізалятары.


Не меншую трывогу выклікае таксама рост правапарушэнняў: больш зафіксавана хуліганстваў, выпадкаў ужывання падлеткамі спіртных напояў, кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць на тое правоў. Павялічылася колькасць прыцягнення да адказнасці бацькоў за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей.


На пасяджэнні абмяркоўвалі, як вырваць дарослых з заганнага круга, дапамагчы падрастаючаму пакаленню перагледзець адносіны да сумніўнай вулічнай рамантыкі і знайсці светлыя арыенціры, засланіць ад бед і няшчасцяў. Асаблівая ўвага была звернута на належную арганізацыю летняй занятасці дзяцей і  фарміраванне прававой культуры.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА