ЛЁГКІ ХЛЕБ БЫВАЕ ТОЛЬКІ Ў КАЗКАХ

Сельская гаспадарка

Па рознаму можна вызначаць лідараў. І калі браць ураджайнасць у разліку на бала-гектар, дык адным з бясспрэчных на Брагіншчыне будзе КСУП “Саўгас “Камарынскі”. Не ў крыўду працаўнікам  іншых гаспадарак раёна, тут ураджаі заўсёды даюцца цяжэй, і гэта можна растлумачыць: так распарадзілася маці-прырода, што ўрадлівасць глебы на мясцовых палях значна ніжэйшая, чым у іншых сяльгаспрадпрыемствах. Таму, з поўнай адказнасцю падыходзячы да сваёй справы, тут і азімы, і яравы сеў праводзяць з тымі ж (а то і большымі) затратамі, а атрымліваюць менш. Гаварыў пра гэта падчас нашай сустрэчы і кіраўнік гаспадаркі Рыгор Анапрэенка. А атрыманы “вал” прадукцыі можа  істотна ўплываць на фінансавыя паказчыкі. Ды  рук тут не апускаюць, працуюць настойліва і ўпарта, шукаючы і ўкараняючы нешта новае.


— У гэтым годзе ў нас на палях з’явілася больш за сто гектараў соі, — адзначае Рыгор Мікалаевіч. — Займаемся і сланечнікам. Гэтыя культуры —выдатная крыніца бялку для жывёлагадоўлі. Больш за 1600 гектараў маем кукурузы, з трохсот плануем атрымаць зерне.


Заўсёды для працаўнікоў сяла найгалоўнейшым клопатам была хлебная ніва. Закончылі ў гаспадарцы ўборку азімага рапсу, прыступілі да зерневых палеткаў. На жніве задзейнічаны восем камбайнаў ачыннай вытворчасці: шэсць — КЗС-10, астатнія — КЗС-12. Механізатары, якім даверана  тэхніка, не навічкі ў сваёй справе, ведаюць яе на “выдатна”.  “Ад зямлі стараемся браць усё, што можна. Але ж вынік радуе не заўсёды. Так, азімы ячмень на адным з палёў даў ураджайнасць 35 цэнтнераў з гектара. Тыя ж насенне,  тэхналагічныя працэсы на другім прывялі толькі да дзевяці”, — гаворыць кіраўнік. Яскравае пацвярджэнне таму, як уплываюць землі на намалоты. Яшчэ адна перашкода ў працы — дажджы. Відаць, у нябеснай канцылярыі пераблыталі надвор’е, перавёўшы стрэлкі на амаль восеньскае.


Пры такой вільготнасці  зерне патрабуе самай скрупулёзнай дапрацоўкі. Стан зернесушыльнай гаспадаркі выдатным не назавеш.


Новы комплекс дае выпрацоўку толькі 30% ад запланаванай магутнасці, тыя зернесушылкі, што ёсць у Красным і Кіраве, ужо састарэлі (калі можна так сказаць пра тэхніку). Таму набылі ў “Камарынскім” машыну для дапрацоўкі зерня.


А перад тым, як заняцца ўборкай ураджаю, шчыравалі на сенажацях. Крыху “недабралі” кармавых адзінак да мінулагодняга, але ёсць спадзяванні на кукурузу. Заклалі 74 тоны плюшчанага зерня. Гэта тэхналогія, як адзначае кіраўнік,  дазваляе раней пачаць жніво, здымае праблему сушкі і выбару месца для захавання кармоў. А каб іх было  дастаткова  і падчас зімоўкі жывёлы не ўзнікала праблем, ёсць у гаспадаркі і меліяраваныя землі побач з райцэнтрам. Шлях немаленькі, але ж лепш убраць тут, чым зімой недзе закупаць і завозіць тыя ж сілас і сена.


Сярод лепшых працаўнікоў гаспадаркі — малады камбайнер Аляксандр Мішчанка, вадзіцель Валянцін Бельчанка, камбайнеры Віталь Сафіенка, Іван Давідзенка, Мікалай Цімошчанка, на сенажацях шчыраваў Сяргей Пархамец. “Хто хоча працаваць, той працуе”, — адзначае старшыня.


І сапраўды, ва ўсіх адчуваецца неабыякавасць, шчырая заклапочанасць справамі гаспадаркі. Гэта таксама, на мой погляд,   гаворыць пра тое, што тут сабраліся аднадумцы, што створана, як зараз модна гаварыць, моцная каманда, што няма месца абыякавасці — самаму галоўнаму ворагу поспеху. На весавой, а ўсім вядома, што гэта зусім не офіс, чыста, радуюць вока букеты на століках. “Дробязь”, — скажа нехта. Ды не. Той, хто клапоціцца пра такія дробязі, звычайна не забывае і аб больш важным.


А хлеб… Можа, калі і стане ён лёгкім (усё ж  былі  ў  казках і гаршчок, які сам варыць, і абрус-самабор) з дапамогай геннай інжынерыі — навука зараз творыць цуды. Але гэта будзе ўжо не той хлеб, і кошт яго (не ў грашовым, вядома, вымярэнні), і смак будуць зусім іншыя…


Галіна ШАЎЧЭНКА