У мінулую суботу ў раённым Доме культуры адбылося ўрачыстае ўшанаванне юнакоў і дзяўчат Брагіншчыны, прымеркаванае да Дня моладзі.
Прысутных вітала намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. Яна ж уручыла Ганаровыя граматы РК ГА “БРСМ” лепшым маладым прадстаўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Віншавальныя словы гучалі ў адрас тых, хто сёння працуе ў сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, культуры, гандлі, службе быту і інш.
Ганна Мікалаеўна пажадала юнакам і дзяўчатам пражыць жыццё так, каб родныя ганарыліся, сябры не папракалі, былыя не забывалі, а будучыя адносіліся справядліва. Параіла пакінуць у баку дрэнныя звычкі і заняцца павышэннем разумовага і культурнага ўзроўняў.
Дзяржаве патрэбны маладыя, актыўныя людзі, здольныя стаць лідарамі ў сваіх калектывах. Бо менавіта сённяшнім школьнікам, студэнтам, маладым спецыялістам у хуткім часе трэба будзе думаць пра будучае роднага краю. І хочацца верыць, што іх будзе турбаваць не толькі асабісты дабрабыт, што яны стануць прыкладам неабыякавасці, будуць прытрымлівацца лепшых традыцый.
Спявалі для прысутных у зале ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК.