Яркае сонца, невычэрпны зарад энергіі, пазітыўныя эмоцыі і вялікае жаданне быць лепшымі. Менавіта ў такой атмасферы праходзіў на стадыёне Брагіна чарговы раённы злёт юных выратавальнікаў-пажарных. Да запаветнай мэты стаць чэмпіёнамі, дэманструючы свае веды, раскрываючы ўменні, здольнасці і творчае мысленне, ішлі каманды дзевяці ўстаноў адукацыі. Арганізатары мерапрыемства: раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, аддзел адукацыі і РК ГА “БРСМ” прадугледзелі для ўдзельнікаў некалькі выпрабаванняў. За выкананнем кожнага задання, звяртаючы ўвагу на якасць, адметнасць, недахопы і пралікі, сачыла строгае журы.
Так, у аснову загадзя падрыхтаваных відэапрэзентацый члены каманд паклалі сваю дзейнасць у якасці юных выратавальнікаў-пажарных. Пры выстаўленні адзнак улічвалася не толькі паўната асвятлення работы, але і сэнсавая нагрузка матэрыялаў, іх арыгінальнасць, мастацкае афармленне. Найлепшым чынам з пастаўленымі задачамі справіліся прадстаўнікі Малажынскай СШ і Чамярыскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Артыстычныя здольнасці, вакальныя даныя, літаратурны талент і пачуццё гумару сталі адным цэлым у самым эмацыянальным і для гледачоў, і для журы конкурсе – КВЗ: атрады выступілі з музычна-харэаграфічнымі і тэатралізаванымі праграмамі, якія прапагандавалі бяспеку жыццядзейнасці. Самымі вясёлымі і знаходлівымі аказаліся вучні з Чамярыс.
Каб паспяхова пераадолець эстафету з перашкодамі, патрэбна было праявіць спрытнасць, хуткасць і вынослівасць. З найлепшым паказчыкам дасягнулі фінішнай лініі гімназісты, якія разам з вучнямі Брагінскай школы на “выдатна” вытрымалі і страявыя прыёмы.
Конкурс знатакоў выявіў, наколькі падкаваныя дзеці ў тэарэтычных ведах правілаў бяспекі: максімальная колькасць балаў – на рахунку Хракавіцкай і Іялчанскай сярэдніх школ.
Але да апошняй хвіліны цяжка было прадбачыць, хто па выніках усіх этапаў злёту ўвойдзе ў тройку прызёраў. Пасля пакутлівага чакання вердыкту суддзяў – урачысты момант: перамога ў чацвёрты раз запар усміхнулася гімназістам, у руках якіх і застаецца пераходны кубак, другое месца занялі юныя выратавальнікі Чамярыскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, трэцяе – Хракавіцкай СШ. У якасці заахвочвання – Ганаровыя граматы аддзела па надзвычайных сітуацыях, а ад раённага камітэта ГА “БРСМ” – салодкія прызы.
Няма сумненняў: падобныя мерапрыемствы развіваюць у падрастаючага пакалення пачуццё адказнасці за будучыню, вучаць жыць у згодзе з сабой і навакольным светам, быць шчырымі і неабыякавымі да чужой бяды.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА