Сёлета парушэнні правілаў абгону на тэрыторыі Гомельшчыны сталі прычынай 14 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 3 чалавекі загінулі, 25 траўміраваны. Таксама з-за выезду на сустрэчную паласу руху здзейснена 14 ДТЗ (двое загінула, 17 паранены). У сувязі з гэтым з 1 па 31 мая Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычную акцыю “Сустрэчная паласа”. Асаблівая ўвага супрацоўнікаў ДАІ ў гэтыя дні накіравана на спыненне парушэнняў правілаў абгону і манеўравання.
Нагадаем: перш чым пачынаць абгон, вадзіцель павінен пераканацца, што паласа, на якую ён мае намер выехаць, свабодная на дастатковай для манеўру адлегласці і пры гэтым не будзе створана перашкода іншым транспартным сродкам. Нельга абганяць на пад’ёмах, паваротах, мастах і з’ездах з іх, перакрыжаваннях раўназначных дарог, чыгуначных пераездах і іншых участках з абмежаваным аглядам або недастатковай бачнасцю і г.д.
Згодна з ч. 8 арт. 18.14 КаАП, за парушэнне правілаў абгону альбо выезд на паласу сустрэчнага руху ў выпадках, калі гэта забаронена, прадугледжаны штраф у памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь з пазбаўленнем або без пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі.
Аляксандр ХМЕЛЯНОК,
начальнік аддзялення ДАІ
Брагінскага РАУС