Галоўны атрыбут велікоднага стала – кулічы, пасхі. Многія гаспадыні лічаць, што іх неабходна вырабляць самім, уласнымі рукамі, па вядомым рэцэпце, сакрэты якога ведалі бабулі і прабабулі і перадалі нашчадкам. Важны сам працэс прыгатавання, які нагадвае абрад. Каб кулічы ўдаліся, пры іх замешванні ў пакоі павінна быць цішыня і не гуляць скразнякі, чытацца малітва “Ойча наш”, бо пасхальнае цеста, як і чалавек, баіцца абразы, ляманту, злога вока.
А што рабіць тым, у каго няма часу для прыгатавання здобы? Без святочнай выпечкі яны не застануцца, запэўнілі нас кулінары і хлебапёкі. “Для жыхароў Брагіна і раёна цэх па вытворчасці хлебабулачных вырабаў філіяла “Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў “Наша меленка” ААТ “Гомельхлебапрадукт” спецыяльна прыгатуе кулічы з разынкамі, – расказала галоўны тэхнолаг Людміла Філата. – Пры распрацоўцы рэцэпта мы імкнуліся, каб па смакавых якасцях яны нічым не адрозніваліся ад дамашніх, былі такімі ж пышнымі, салодкімі, апетытнымі, некалькі разоў пераглядвалі састаў мучных вырабаў, каб яны спадабаліся людзям”.
Людміла Іосіфаўна паведаміла, што пасхальную выпечку работнікі цэха выпусцяць да Вялікадня, які адзначаецца па каталіцкай канфесіі, потым – да 15 красавіка і Радаўніцы. У продаж яны паступяць вагой па 500, 300 і 100 грамаў.
“Нашымі кулічамі пачастуюцца і гамяльчане”,– падзяліўся планамі загадчык вытворчасці негаспадарчага ўчастка “Грамадскае харчаванне” Аляксандр Лук’яненка.
У мінулым годзе сваю прадукцыю напярэдадні Вялікадня брагінскія кандытары прадставілі на кірмашы ў Гомелі, дзе рэалізавалі каля 500 кулічоў. Смакавыя якасці здобы ацанілі ў Хойніцкім і іншых раёнах, куды яе вывозілі на продаж. І ўсё ж асноўныя спажыўцы – мясцовыя жыхары, для якіх летась прыгатавалі 6,5 тысячы велікодных кулічоў. Сёлета плануюць павялічыць іх колькасць да 7-7,5 тысячы. Па словах Аляксандра Сяргеевіча, будуць арганізаваны выставы ў “Кулінарыі”, “Юбілейным”, калі атрымаецца, і на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў.
Расказаў загадчык вытворчасці і пра сакрэты прыгатавання кулічоў, у якіх будзе шмат цукру, маргарыну, а ўпрыгожаць іх глазурай, кандытарскай пасыпкай, прадставяць пакупнікам у яркай упакоўцы. У продаж паступяць рознай вагой – па 0,2; 0,4; 0,5 і 0,7 кілаграма.
Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА