Штогод наркотыкі забіраюць мільёны жыццяў. Але асаблівую трывогу выклікае тое, з якой хуткасцю наркаманія губіць моладзь і чым гэта пагражае ў будучым усяму свету.
Наркотыкам з’яўляецца і марыхуана. Даказана, што з-за працяглага яе ўжывання развіваецца агрэсіўнасць, падобная на сімптомы белай гарачкі. Чалавек, які знаходзіцца ў моцным наркатычным ап’яненні, з лёгкасцю можа здзейсніць злачынства. Таму трэба памятаць, што прыём наркотыкаў прыводзіць не толькі да залежнасці ад іх, хвароб ці нават смерці, але і да непрыемнасцей з законам.
Вядома, што сёння каноплі забаронена вырошчваць, знішчаюцца іх дзікарослыя пасевы, спыняюцца спробы нарыхтоўкі і захоўвання. Але нехта наіўна лічыць, што калі зараз на дварэ ранняя вясна і яшчэ далёка да таго часу, калі расліна зязелянее на запусцелых участках, супрацоўнікі міліцыі пакінулі без увагі магчымыя факты захоўвання яе ў высушаным стане. Пры гэтым некаторыя ўпэўнена сцвярджаюць, што ў зімовы час каноплі губляюць свае ўласцівасці. Аднак, незалежна ад пары года (летам ці зімой), наркатычныя рэчывы з марыхуаны нікуды не знікаюць. Таму хочацца папярэдзіць жыхароў раёна аб адказнасці, якую цягне іх захапленне.
За пасеў і вырошчванне канопляў без мэты збыту або вырабу наркатычных сродкаў Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф да дваццаці базавых велічын. Калі ж гэтыя дзеянні праводзяцца з мэтай збыту, то згодна з Крымінальным кодэксам пакаранне будзе больш жорскае – да трох гадоў пазбаўлення волі. А вось выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў і іх кампанентаў караюцца пазбаўленнем волі да пяці гадоў. У залежнасці ад розных акалічнасцяў, тэрмін пакарання можа быць яшчэ даўжэйшы.
Медработнікі адносяць каноплі да стартавых наркотыкаў, пасля прыёму якіх чалавек часта пераходзіць на цяжэйшыя. Курэц марыхуаны паступова губляе імкненне да жыцця, на другі план адыходзіць сям’я, пачынае раздражняць праца, з’яўляюцца праблемы ва ўзаемаадносінах з людзьмі, якія яго акружаюць. Іншымі словамі, перспектыва змрочная. Ці ёсць сэнс рызыкаваць?..
Канстанцін СТАДНІКАЎ,
часова выконваючы абавязкі начальніка аддзялення аховы
правапарадку і прафілактыкі Брагінскага РАУС,
старшы лейтэнант міліцыі