З 1991 года Ражаство Хрыстова зноў стала афіцыйным святам, адным з самых любімых і паважаных народам, і ўсе яго традыцыі зноў вярнуліся да нас.
Гурты каляднікаў пачыналі хадзіць па вёсцы 8 студзеня – паўсюдна звінелі песні, якія праслаўлялі Хрыста, людзі віншавалі адзін аднаго, жадалі родным, блізкім, суседзям і знаёмым здароўя, шчасця, дабрабыту.
Ражаство сцірае межы часу, прыносіць цеплыню, любоў, міласэрнасць у кожны дом. Міжволі, як у дзяцінстве, сэрцы нашы напаўняюцца чаканнем цуду. І ён, гэты цуд, адбываецца.
Традыцыйна ў нашай установе прайшло мерапрыемства “Святло каляднай зоркі”, на якім прысутнічалі вучні, настаўнікі школы, выхаванцы сацыяльнага прытулку і запрошаныя госці: настаяцель прыхода храма Прэабражэння Гасподняга ў в. Сялец айцец Марк, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Любоў Кузняцова, інваліды.
Пранікнёна гучалі словы айца Марка, які адзначыў, што Бог літасцівы да ўсіх нас, што кожны веруючы шануе гэтае свята, імкнецца стаць лепшым і чысцейшым душой.
Свята нікога не пакінула абыякавым. Жарты і смех не сціхалі на працягу ўсяго мерапрыемства. Гарэзлівая каза з механошам, мядзведзь з павадыром, цыган і цыганка з кабылай, беларускія народныя гульні ўвесь час падтрымлівалі вясёлы настрой гледачоў. Усе мелі магчымасць не толькі ўлагодзіць свой слых каляднымі песнямі, але і пачаставацца куццёй, убачыць мясцовы абрад шчадравання.
Напрыканцы свята Любоў Кузняцова ўручыла вучням і выхаванцам прытулку школьна-пісьмовыя прыналежнасці, а цацкі – для наведвальнікаў дзіцячага садка. Аб ласунках для ўсіх дзяцей паклапаціліся дырэктар і старшыня прафкама КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Атрошчанка і Ірына Дамарадава.
Пара навагодніх святаў і Калядаў – самы ўдачны час, каб дарыць іншым радасць і душэўнае цяпло. Але няхай не толькі ў гэтыя дні – на працягу ўсяго года ў вашых дамах пануе спакой, узаемаразуменне і згода, а прысутнасць родных і блізкіх прынясе адчуванне шчасця, любові і падтрымкі.
Дарыце людзям, якія вакол вас, дабро, і яны адкажуць вам узаемнасцю.
Марыя ШАЎЧЭНКА,
дырэктар ДУА “Асарэвіцкі дзіцячы сад-базавая школа”