За захаванне і перавозку наркатычных рэчываў жыхар Брагіна пазбаўлены волі на два з паловай гады.
Некалі вырошчванне канопляў з’яўлялася адным з асноўных заробкаў сялян, мела вялікае вытворчае значэнне. Іх насенне ўжывалі ў ежу, выкарыстоўвалі для лячэння розных захворванняў, а з вельмі трывалых валокнаў сцёблаў рабілі паперу, абутак, вяроўкі, вопратку. У савецкія часы калгасныя канапляводы атрымлівалі высокія ўзнагароды, а тыя, хто вырошчваў расліну на прысядзібных участках, карысталіся льготамі.
У 1961 годзе Адзіная канвенцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый уключае каноплі ў спіс раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы, і абавязвае краін-удзельніц строга кантраляваць іх развядзенне. Каноплі былі прызнаны раслінай, якая не мае ніякай практычнай каштоўнасці, і “прыгавораны” да знішчэння. Аднак яны працягваюць упарта расці. І сёння дзе-нідзе выяўляюцца іх дзікарослыя пасевы.
…Аб тым, што каноплі змяшчаюць псіхаактыўныя рэчывы, Андрэй К. ведае не па чутках. Курыць марыхуану пачаў у 16 гадоў, калі жыў ва Узбекістане. У пачатку 90-х пераехаў у Беларусь, але са згубнай звычкай не развітаўся. Тут, у больш халаднейшым клімаце, каноплі крыху губляюць свае якасці, ды прадпрымальны госць з паўднёвай краіны знайшоў выйсце – пачаў варыць так званае малако. Па словах Андрэя, пітво дапамагала яму выходзіць з запою – гэта яшчэ адна дрэнная звычка мужчыны.
Да нядаўняга часу ён удала хаваў сваю цягу да наркотыку. Аднак рана ці позна ўсё тайнае становіцца яўным…
За каноплямі для чарговай порцыі дурману грамадзянін К. вырашыў адправіцца “пад прыкрыццём”. Каля малочнатаварнай фермы ў Малейках валяўся металалом. Андрэй прапанаваў сябрам забраць яго і здаць у пункт прыёму – навошта прападаць дабру. З якой мэтай мужчына пры гэтым захапіў з сабой чатыры пустыя мяхі, ніхто з кампаньёнаў не спытаў.
Пакуль таварышы збіралі жалеза, наш герой адышоў у бок, дзе, як ён ведаў, знаходзіцца канаплянішча. Запоўненыя забароненай раслінай мяхі ён паклаў на драбіны, зверху прыкрыў металам. У той час Андрэй і не здагадваўся, што ў аддзел унутраных спраў ужо паступіў тэлефонны званок і ў Малейкі выехала следча-аператыўная група.
Пасля афармлення неабходных дакументаў грамадзяніна К. адпусцілі. Аднак праз некалькі дзён гісторыя паўтарылася. І яго з дзвюмя сумкамі канопляў затрымалі ўжо ў райцэнтры. Праведзеная экспертыза выявіла, што раслінная маса, якая знаходзілася і ў мяхах, і ў сумках, з’яўляецца наркатычным рэчывам – марыхуанай.
На судовым пасяджэнні Андрэй прызнаў сваю віну, але толькі ў тым, што сарваў забароненую расліну. Зрабіў ён гэта для сваіх патрэб і нікому не збіраўся прапаноўваць. Аднак супрацоўнікі міліцыі выявілі ў яго дзеяннях злачынства згодна з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за незаконныя выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх кампанентаў. Пры гэтым асоба, якая добраахвотна здала вышэйпералічанае праваахоўным органам, актыўна супрацоўнічала з міліцыяй, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці. Грамадзянін К. і спрабаваў на гэтым зрабіць акцэнт. У ходзе пасяджэння ён неаднаразова звяртаў увагу суда на тое, што сам, па ўласным жаданні, аддаў міліцыянерам сарваныя каноплі.
Калі ўсе ўдзельнікі працэсу былі выслуханы, матэрыялы справы – прааналізаваны і з характарыстыкай падсуднага азнаёміліся, суддзя вынес прыгавор: прызнаць грамадзяніна К. вінаватым у захоўванні і перавозцы наркатычных сродкаў без мэты збыту і назначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2,6 года ў калоніі строгага рэжыму. Суровасць меры ўздзеяння тлумачыцца яшчэ і тым, што Андрэй мае непагашаную судзімасць па артыкуле 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэкса. А гэта з’яўляецца падставай прызнаць яго рэцыдывістам.
Мужчына не згадзіўся з такім рашэннем і выказаў намер яго абскардзіць. Аднак Гомельскі абласны суд, які разглядаў скаргу, пакінуў прыгавор без змяненняў.
У некаторых краінах рух прыхільнікаў “лёгкага наркотыку” патрабуе яго легалізацыі. Аднак праціўнікі гэтага адзначаюць, што марыхуана выклікае залежнасць і можа прывесці да ўжывання больш мацнейшых наркатычных рэчываў. Пакуль ідуць спрэчкі, заканадаўства Беларусі працягвае адносіць каноплі да забароненых раслін, і любыя дзеянні ў адносінах да іх будуць прызнаны правапарушэннем ці злачынствам.
Вольга ПАЛЯШЧУК