Наша традыцыйная беларуская культура па-ранейшаму займае дастойнае месца як на сотках вяскоўцаў, так і на палях сельгаспрадпрыемстваў. Мяняецца, цяплее клімат, пасевы летам, а бывае, што ўжо ў маі даймае спёка, але ж аграрыі стараюцца прыстасавацца да гэтых умоў, каб атрымаць добры ўраджай. Захоўваюць тэхналогію вырошчвання, падбіраюць плошчы, высаджваюць насенне перспектыўных сартоў, устойлівых да засухі і шкоднікаў. Улічваючы, што бульбяны клін вяскоўцаў паступова звужаецца, сёлета гаспадаркі раёна пасадзілі 700 гектараў другога хлеба. Вырошчвалі бульбу ўсе (за выключэннем КСУП “Саўгас “Камарынскі”.
Найбольш урадлівай гэтая культура аказалася ў КСУП “Малажынскі”. Так было і летась, і пазалетась, і дзесяцігоддзе таму. Традыцыя такая склалася ў гэтым сельгаспрадпрыемстве – удзяляць бульбе столькі ўвагі, колькі патрэбна для атрымання высокага ўраджаю. Каб вытворчасць яе была рэнтабельнай.
На 250 цнт клубняў з кожнага гектара не выйшлі, але ж найвышэйшы паказчык атрымалі (207,4 цнт, валавы збор – 3298 тон). Насення свайго не хапіла, завезлі вясной эліту, пасадачны матэрыял высокіх рэпрадукцый, наладзілі догляд за пасевамі і іх ахову ў вегетацыйны перыяд. Дарэчы, як і ў астатніх гаспадарках.
Не менш важная задача стаяла (і не знікла з парадку дня) – надзейна захаваць вырашчанае да вясны. Насеннага матэрыялу падрыхтавалі 3500 тон, каб выканаць план пасадкі бульбы пад ураджай-2012. Патрабаванне кіраўніка дзяржавы, губернатара – адысці ад устарэлага спосабу захоўвання клубняў у буртах. Магчыма, на падворку вяскоўца ён цалкам апраўданы, але ж, калі размова ідзе не аб цэнтнерах, аб дзясятках тон, без страт не абыходзіцца. Узнікае пытанне аб мэтазгоднасці выкарыстання буртоў, якія дапамагалі нашым дзядам зберагчы вырашчаны ўраджай да вясны. У бягучым годзе ўсе КСУПы (за выключэннем “Брагінскага”) падрыхтавалі бульбасховішчы. У асноўным прыстасавалі старыя памяшканні, склады, правялі ў іх рэканструкцыю і ўцяплілі на зіму. Наколькі эфектыўнымі будзе такі спосаб, пакажа час.
А цяпер галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец і яго калегі сочаць за тым, як захоўваюцца клубні, ці не псуюцца. Правяраюць тэмпературны рэжым, пры неабходнасці арганізоўваюць пераборку бульбы. Ацяпляцца бульбасховішчы будуць пры дапамозе цеплавых пушак. Пакуль няма вялікіх маразоў, восень яшчэ радуе нас плюсавымі тэмпературамі, можна і сэканоміць, не ўключаць іх у работу. Магчыма, не ўсё атрымалася так, як хацелася б, асабліва з засыпкай насеннага матэрыялу ў верасні, у цёплыя і сухія дні, але ж першы, найбольш важны крок зроблены – ёсць сховішчы, а ўдасканаліць іх можна.
Ніна СІНІЛАВА