Выкананне прагнозных паказчыкаў за дзесяць месяцаў склала ў КСУП “Малажынскі” 118,4% пры заданні 114,5%. Вытворчасць малака і мяса да ўзроўню мінулага года – 104,8%, у раслінаводчай галіне поспехі больш адчувальныя (131,2%).
Валаўтвараючая гаспадарка, на долю якой прыпадае трэць атрыманай у раёне прадукцыі, нягледзячы на вялікія аб’ёмы, стараецца не зніжаць тэмпы развіцця і выконваць даведзеныя паказчыкі. Як фізічныя, так і эканамічныя. Іншага не дадзена. У гэтым сельгаспрадпрыемстве з гадамі выпрацаваўся свой стыль работы (аб гэтым гаварыў былы кіраўнік на адным са справаздачных сходаў) – з года ў год паляпшаць свае паказчыкі і браць новыя вышыні. Мікалая Рубаху тут узгадваюць з павагай і цеплынёй. Шмат зрабіў для гаспадаркі, людзей, а самая вялікая заслуга, на мой погляд, памяркоўнага кіраўніка ў тым, што змог згуртаваць калектыў, асабліва спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна, якія сталі аднадумцамі. Пасля пераводу яго на іншую пасаду і месца работы добрыя традыцыі, у аснове якіх – клопаты пра гаспадарку, працягваюцца.
У гэтым пераконваешся ў час наведвання КСУП “Малажынскі”, яго вытворчых падраздзяленняў. З галоўным заатэхнікам Тамарай Чарнянок мы сустрэліся на Малажынскай ферме. Тамара Васільеўна, дарэчы, прызнана сёлета пераможцай спаборніцтва сярод спецыялістаў раёна. Добры арганізатар, вопытны заатэхнік, а да ўсяго – тонкі псіхолаг і бойкі, рашучы па характары чалавек, яна лёгка знаходзіць з людзьмі агульную мову і ўмее арганізаваць работу так, каб яна ладзілася. Даручана ж ёй складаная і адказная галіна, якая патрабуе поўнай самааддачы. Калегі нават жартавалі: “У дзень вяселля свайго сына Тамара Васільеўна была з раніцы, як звычайна, на ферме, маладых віншаваць паехала пасля работы”. Жарты жартамі, але трэба ўлічваць, што ў “Малажынскім” самы вялікі грамадскі статак – 6900 галоў буйной рагатай жывёлы, на 400 больш, чым у мінулым годзе. Падаіць, накарміць патрэбна своечасова, і не адзін раз у суткі, прычым па збалансаваным рацыёне, які ўключае камбікармы, плюшчанае зерне (па кілаграму), у такой жа колькасці выдаецца сланечнікавы шрот, а таксама бульба пасля пераборкі, патака. Каб у арганізме жывёлы хапала цукру, гаспадарка закупіла ў Хойніцкім раёне яшчэ і цукровыя буракі.
З пераводам статка на зімовае ўтрыманне перайшлі на трохразовае даенне. На жывёлагадоўчым комплексе і буйных фермах арганізавана дыферэнцыраванае кармленне кароў, у залежнасці ад фізіялагічнага стану. Камбікармы выдаюцца з разліку 250 грамаў на літр малака. На ўмоўную галаву жывёлы згодна з данымі на 1 лістапада назапасілі па 29,5 цнт кармавых адзінак (у мінулым годзе – па 19,9 цнт). Выканалі план нарыхтоўкі сена, сіласу (155%), сенажу (106,9%), засыпалі на фуражныя мэты больш зерня, у тым ліку і кукурузы (980,6%). Як адзначыла Тамара Васільеўна, якасць кармоў таксама палепшылася.
На 200 галоў атрымалі больш цялят, палепшылі такі паказчык, як захаванасць маладняку. Увод нецеляў у асноўны статак запланаваны не менш 30%. Для абнаўлення матачнага пагалоўя ёсць тры гурты цялушак, якія ўтрымліваюцца ў Юркавічах, Жылічах і на комплексе. З мэтай развіцця асабістых падсобных гаспадарак прадаюць нецеляў працаўнікам вёскі, і не толькі сваёй гаспадаркі, раёна, але і суседніх. Каштуе будучая рэкардыстка ад шасці да дзесяці мільёнаў. Грошы гэтыя з цягам часу акупяцца, цэны на жывёлагадоўчую прадукцыю растуць.
Калі “Беларуская ніва” змяшчае прозвішчы лепшых даглядчыкаў, аператараў машыннага даення, тэхнікаў-асемянатараў, заўсёды шукаеш прадстаўнікоў раёна. На радасць, знаходзіш.
Трэці год запар у гэтым спісе значыцца Мікалай Давыдоўскі, з якім удалося пагутарыць у той дзень. Даглядае ён 136 бычкоў, як расказала Тамара Чарнянок, у 5 гадзін Мікалай Лявонцьевіч ужо на ферме. Зайздросная якасць – адданасць справе.
Рыгор Палявы, які адкормлівае 144 галавы, не менш аўтарытэтны і заслужаны жывёлавод у гаспадарцы, неаднаразовы пераможца раённага спаборніцтва. Сапраўднай гаспадыняй, руплівай, дбайнай, стала на гэтай ферме Ірына Карнічэнка, загадчыца. Нягледзячы на маладосць, з поспехам прымяняе на практыцы атрыманыя веды. Пяць гадоў прайшло з таго дня, калі прыступіла да выканання сваіх абавязкаў. Кіраўніцтва не памылілася, што даручыла ёй адказную пасаду.
Поспехі працаўнікоў ферм залежаць ад работы ветэрынарнай службы. Ветфельчар Тамара Маручок – адна з тых, хто аддае інтарэсам вытворчасці шмат часу і сілы.
Калі гаварыць пра атрыманыя тоны прывагі і малака, трэба памятаць, што ў гэтым – заслуга не толькі даглядчыкаў і аператараў машыннага даення, але і механізатараў, якія грузяць і раздаюць кармы. На “Амкадоры” працаваў механізатар Сяргей Калясан, а Віктар Шубянок у гэты час рамантаваў свой пагрузчык. “Усю зіму ён быў задзейнічаны на ферме, — скажа потым пра Віктара Уладзіміравіча галоўны заатэхнік. – Ніводнага разу не было перабояў з раздачай кармоў па яго віне, спадзяёмся, так будзе і сёлета”.
На канчатковы вынік – жывёлагадоўчую прадукцыю – працуюць механізатары і паляводы. Гэта дзякуючы ім грамадскае пагалоўе забяспечана кармамі, зернефуражом, караняплодамі. Сем буртоў кармавых буракоў заклалі на зіму, каб у час масавых ацёлаў выдаваць каровам. А хіба можна абысціся на МТФ і комплексе без службы па працаёмкіх працэсах, якую ўзначальвае інжынер Віктар Малашэнка? Бясспрэчна, не. Паломкі фермскага абсталявання ўхіляе своечасова.
Унеслі свой уклад і будаўнікі, для маладняку буйной рагатай жывёлы рэканструявалі летась хлеў на 200 галоў. Усім ім удзячна Тамара Васільеўна і яе падначаленыя, хаця разам яны забяспечваюць дабрабыт гаспадаркі, свой уласны, памнажаюць слаўныя традыцыі “Малажынскага”, пачатак якім паклалі іх папярэднікі.
Ёсць і тут нявырашаныя праблемы, адна з іх – недахоп жывёлагадоўчых памяшканняў, рамонт якіх патрэбна закончыць. Як трапна заўважыла галоўны бухгалтар Валянціна Мальчанка, усе яны вырашальныя. Кадры засталіся на месцы, ніхто нікуды не паехаў, а такая школа гаспадарання, якая фарміравалася гадамі, павінна даваць добрыя плады і ў далейшым.
Ніна СІНІЛАВА