Сёння спаўняецца 25 год з дня, калі быў прыняты на тэхнічнае абслугоўванне закансерваваны энергаблок №4 Чарнобыльскай АЭС
Звычайны населены пункт на поўначы Украіны – Чарнобыль стаў чвэрць стагоддзя таму ўжо не столькі горадам, колькі паняццем. Для адных ён асацыіруецца з найвялікшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай аварыяй, для другіх азначае злачынства тагачаснага кіраўніцтва краіны супраць свайго народа, для трэціх – асабістую трагедыю, паламаны лёс… А для каго сімвалізуе гераізм людзей, якія практычна голымі рукамі абаранілі планету ад ядзернай катастрофы, і адно з пацвярджэнняў таму – будаўніцтва аб’екта “Укрыццё”, так званага ў народзе саркафага. У выключна цяжкіх радыяцыйных умовах стваралася ўнікальнае засцерагальнае збудаванне над разбураным блокам АЭС.
З успамінаў Анатоля Забабонава, удзельніка ліквідацыі паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, галоўнага інжынера упраўлення энергазабеспячэння на будаўніцтве “саркафага” ў чэрвені-лістападзе 1986 года:
–У той дзень, 26 красавіка 1986 года, на Ігналінскай АЭС, дзе я працаваў галоўным інжынерам упраўлення энергазабеспячэння, прымалі камісію з Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР. Абодва намеснікі міністра якраз падняліся на дэаэратарную этажэрку, калі прыбег рэферэнт дырэктара і запрасіў свайго шэфа да тэлефона. Госці толькі спусціліся да турбіны №4, як кіраўнік электрастанцыі Мікалай Луконін вярнуўся і паведаміў, што ўзарваўся блок на ЧАЭС. Праўда, тут жа супакоіў, маўляў, выбух не ядзерны, а цеплавы. У той жа дзень (нагадаю, была субота) прадстаўнікі міністэрства накіраваліся ў Маскву, а адтуль, у складзе ўрадавай камісіі, – у Чарнобыль.
І да 30 чэрвеня, пакуль сам не прыбыў па міністэрскай камандзіроўцы на Чарнобыльскую АЭС, я нават не ўяўляў, як жа насамрэч тут няпроста. Стан разбуранага рэактара прывёў у жах: я ж ехаў на ліквідацыю паследкаў цеплавога выбуху!
Чацвёрты блок дыхаў тысячамі рэнтген і ўяўляў сабой магутную, небяспечную для жыцця і здароўя крыніцу выпраменьвання. Лакалізаваць аварыю неабходна было ў найкарацейшыя тэрміны, каб не пераўтварыць яе ў экалагічную катастрофу большага маштабу.
Урадавая камісія, што прыбыла на месца, устанавіла: чацвёрты энергаблок аднавіць нельга. Было прынята рашэнне аб стварэнні вакол яго лакалізуючага збудавання для абароны ад распаўсюджвання аэразольнага забруджвання і іанізуючага выпраменьвання. Работы па ліквідацыі паследкаў аварыі былі даручаны Мінсярэдмашу. Галоўная задача – будаўніцтва аб’екта «Укрыццё».
За лічаныя дні для яе выканання было створана спецыяльнае ўпраўленне – УБ-605, што ўключала ў сябе некалькі будаўнічых трэстаў, мантажны і бетонны заводы, упраўленне механізацыі, аўтатранспарту, энергазабеспячэння, вытворча-тэхнічнай камплектацыі, санітарна-бытавога абслугоўвання. Персанал камплектаваўся са спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый Мінсярэдмаша, а таксама ваеннаслужачых і прызваных з запасу.
Задача была складаная, паколькі не мела аналагаў у сусветнай інжынернай практыцы. Плюс небяспечная радыяцыйная абстаноўка, якая рабіла разбураны блок маладаступным і абмяжоўвала выкарыстанне звычайных рашэнняў.
…Палохайся не палохайся, а за справу брацца трэба. Будавалі фундаменты, рабілі апалубкі. Спачатку працавалі, што называецца, у адкрытую, а потым з’явілася замежная тэхніка – машыны, краны. Тая рама, што легла ў аснову даху “саркафага”, важыла 400 тон. Уявіце: нямецкі “Demag” перамясціў яе наверх адным рухам. Пасля гэтага мы накрылі дах.
26 верасня было дакладзена, што “саркафаг” перакрыты. І з гэтай нагоды прама пад сценамі аб’екта адбыўся мітынг. Зроблены ў той дзень фотаздымак – ліквідатары, поўныя надзей, з усмешкамі, трымаюць у руках плакат з надпісам “Заданне ўрада выканалі!” – абышоў увесь свет. Многіх з гэтых людзей ужо няма…
Але 26 верасня запомнілася не толькі мітынгам. Пасля яго заканчэння мы ўбачылі, што ляціць верталёт. Ён здзейсніў нейкі манеўр і пачаў падаць. Пілот, як пазней высветлілася, супраць сонца не заўважыў троса ад крана і зачапіўся за іх лопасцямі. Мы памчаліся да месца падзення. Вядома, загінулі ўсе. Аб гэтай трагедыі чамусьці доўга не прынята было гаварыць, але ж на пляцоўцы тады былі фотакамеры…
У будаўніцтве аб’екта “Укрыццё” можна выдзеліць тры этапы. Работы на першым, з 20 мая па 15 чэрвеня 1986 года, прызначаліся для асваення прасторы і разгортвання шырокага будаўніцтва. У гэты час былі ўведзены ў дзеянне бетонны завод і транспартныя камунікацыі, пашыраны чыгуначны вузел, створана сацыяльна-бытавая інфраструктура, ажыццяўляўся выраб канструкцый і элементаў “саркафага”.
На другім этапе, з 16 чэрвеня па 15 верасня, выконваўся асноўны аб’ём будаўнічых работ, што забяспечвалі дасягненне неабходных трываласных і супрацьрадыяцыйных, ахоўных характарыстык аб’екта.
І, нарэшце, трэці – з 16 верасня па 30 лістапада – вызначыўся завяршэннем будаўніча-мантажных работ.
Падчас гэтага працэсу было ўкладзена звыш 400 тысяч кубічных метраў бетону і зманціравана 7000 тон металаканструкцый. Узведзеныя перагародкі і сцены аддзялілі аварыйны чацвёрты блок ад трэцяга. Адначасова выконваўся вялікі аб’ём работ па дэзактывацыі тэрыторыі вакол аб’екта.
30 лістапада дзяржаўная камісія прыняла на тэхнічнае абслугоўванне закансерваваны энергаблок №4 Чарнобыльскай АЭС.
Першае пачуццё перамогі з’явілася (смяяцца будзеце), калі вераб’ёў на пляцоўцы ўбачылі – гэта было ўжо ў верасні. Птушкі пасля аварыі адразу ж зніклі: радыяцыю чуюць. А калі пачалі прылятаць зноў, мы сказалі рэактару: “Усё, хлопец, мы цябе зрабілі”. І адчулі сябе як на курорце.
…Мінула 25 гадоў, а эпізоды ў памяці – дагэтуль. Як, напрыклад, двое рабочых, не дамаўляючыся, накіраваліся ў рэактар, дзе на той момант было тры з паловай тысячы рэнтген, каб адчапіць вялікі “Demag” ад апалубкі. Ломамі сарвалі механізмы і вызвалілі кран. Ці як апускалі ў рэактар Леаніда Горба – спецыяльна для гэтага быў зроблены “батыскаф” – і хлопец уручную, пры дапамозе шланга запоўніў бетонам утворанае паглыбленне…
Кожным з будаўнікоў “саркафага” тады кіравала пачуццё вялікай адказнасці перад іншымі, разуменне, што ўся работа можа сарвацца, калі ніхто не рызыкне. З гэтага, відаць, і нараджаецца тое, што прынята называць гераізмам.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА